Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
70-годдзе смерці святара-паэта Ільдэфонса Бобіча адзначылі ў Іўі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.05.2014 15:38

30 красавіка ў парафіі Св. Апосталаў Пятра і Паўла адзначылі 70-ую гадавіну смерці былога пробашча парафіі кс. Ільдэфонса Бобіча, які быў пробашчам парафіі ў Іўі і Вішнеўскім дэканам ў 1930-1944 гадах.

На ўрачыстасць у Іўе прыбыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары з Іўеўскага дэканату, шматлікія парафіяне і госці з-за мяжы.

Кс. Ільдэфонс Бобіч быў незвычайнай постаццю ў Віленскай архідыяцэзіі міжваенных часоў. Ён умеў аб’ядноўваць душпастырскаю працу з навуковай, таму ён і цудоўны прапаведнік, і аўтар многіх гамілетычных прац і казанняў. Таксама ён пісаў вершы і п’есы, якія на сённяшні дзень яшчэ не выдадзены. Пасля памерлага засталіся рукапісы яго творчасці, якія старанна захоўваюцца ў парафіяльным архіве.

Кс. Ільдэфонс Бобіч у сваіх запісах занатаваў: «Сваім лёсам я задаволены і прашу Бога, каб дапамог плённа працаваць для дабра Касцёла, улюбёнай архідыяцэзіі і дарагой амбоны».

Душа паэта

Святкаванне 70-ай гадавіны смерці душпастыра распачалося ў гарадскім Доме культуры ў Іўі на так званым вечары паэзіі кс. Ільдэфонса Бобіча. Парафіяне розных узроставых катэгорый дэкламавалі вершы свайго былога пробашча, змест і пасланне якіх актуальныя і зараз. Пасля артысты гарадскога Дома культуры прадставілі фрагмент п’есы кс. Бобіча пад назваю «Свякроўка».

Падчас спектакля гледачы не хавалі слёз і хвалявання. Спектакль дапамагаў усвядоміць, што, хоць і змяняюцца часы і людзі, змяняюцца ўмовы і спосаб жыцця, але праблемы ў сем’ях, у міжасабовых стасунках, з якімі сутыкаецца чалавек, такія ж самыя.

 

Заглядаючы ў мінулае

Другая частка святкавання гадавіны нараджэння для неба кс. Бобіча адбылася ў парафіяльным касцёле. Пасля мастацкай часткі ўсе сабраліся на Эўхарыстыі, якую цэлебраваў біскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі біскуп узгадаў імёны двух новых святых Паўсюднага Касцёла, якія апошнім часам былі ўзнесены на алтар Пана — Папаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Жыццё святых Пантыфікаў іерарх назваў «жыццём благаслаўлёных, бо яны паверылі і абвяшчалі Хрыста Уваскрослага».

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі заахвочваў да выказвання ўдзячнасці Пану Богу за духоўны, навуковы і літаратурны ўклад кс. Ільдэфонса Бобіча, які быў верным сведкам Уваскрослага Пана і, як сказаў іерарх, «перажываў за тое, што Евангелле не заўсёды добра разумелася людзьмі».

«Сёння, калі мы ўзгадваем 70-ую гадавіну смерці святара, заглядаем у мінулае, якое з’яўляецца падмуркам сённяшняга дня. І гэта ваша прысутнасць, малітва ў інтэнцыі святара – з’яўляецца падмуркам заўтрашняга дня для вашых блізкіх», – дадаў біскуп Станеўскі.

Іерарх падзякаваў усім арганізатарам юбілейнай урачыстасці, асабліва кс. пробашчу Яну Гавецкаму і ўсім, хто дэкламаваў вершы, бо, як адзначыў, дзякуючы гэтаму «свет праз вашыя вусны пачуў прыгажосць і пасланне ў паэзіі ксяндза Ільдэфонса».

Сустрэча скончылася малітвай і спевам велікодных песен каля магілы святара, які пахаваны каля парафіяльнага касцёла.

 

Біяграфія святара

Kс. Ільдэфонс Бобіч нарадзіўся 22 студзеня 1890 г. у вёсцы Дзедзіна ў друйскай парафіі ў сям’і Kанстанціна i Юзэфы з дому Тарашкевічаў. Калі меў 7 год, бацькі адправілі яго ў Вільню, каб хлопчык падрыхтаваўся да вучобы ў гімназіі.

У 1900-1909 гг. ён вучыўся ў гімназіі ў Коўне. У 1911 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. У 1911 г. семінарыйныя ўлады накіравалі яго на вучобу ў Рым, дзе ён вучыўся ў Грыгарыянскім універсітэце і ў 1913 г. абараніўся на доктара філасофіі. Пасля распачаў тэалагічнае навучанне. 25 ліпеня 1915 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Мінску з рук біскупа Сэйненскага Антонія Карася.

 

Першая пляцоўка, на якую яго накіравалі, была родная парафія – Друя над Дзвіной.

Святар шмат цярпеў ад бальшавікоў, якія занялі тыя тэрыторыі, ён знаходзіўся нават пад арыштам у будынку касцёла. Пасля польска-бальшавіцкай вайны напрыканцы 1920 года быў намінаваны на вікарыя катэдры ў Вільні. Пасля трох гадоў працы па ўласнай просьбе атрымаў пасаду пробашча ў Германавічах у Мёрскім дэканаце, дзе працаваў да 1930 г.

Служачы ў Германавічах, навязаў кантакты з рэдакцыямі часопісаў, куды дасылаў свае гаміліі і гамілетычныя артыкулы.

У 1930 г. арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі прызначыў кс. Бобіча пробашчам парафіі ў Іўі і дэканам Вішнеўскага дэканату. Тут у яго было вельмі шмат працы, бо парафія налічвала каля 10 000 вернікаў, а ў дапамогу меў толькі аднаго вікарыя.

Акрамя таго, святар павінен быў знайсці час на напісанне артыкулаў, гамілій, выданне кніг і чытанне рэфератаў на дыяцэзіяльных з’ездах святароў.

У сярэдзіне 1942 года адбываліся арышты інтэлігенцыі. Было зняволена каля 100 асоб, у тым ліку – 16 святароў, а сярод іх і кс. Бобіч.

28 красавіка 1944 года святар памёр і быў пахаваны каля касцёла ў Іўі. У сваёй пісьменніцкай спадчыне пакінуў 220 кніг і артыкулаў, перад усім гамілій, быў вядучым прапаведнікам далёка не мясцовага маштабу.

Кс. Юрый Марціновіч
   

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.