Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльны Дзень маці прайшоў у Капцёўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.05.2014 12:23

Па традыцыі першая нядзеля мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца як Дзень маці. Ва ўсіх капліцах і касцёлах вернікі моляцца ў інтэнцыі жывых і памерлых маці, выказваюць ім сардэчныя віншаванні.

g

Месца, куды хочацца вяртацца

 

 

4 мая галоўныя ўрачыстасці Дня маці адбыліся ў санктуарыi Маці Божай Яснагорскай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. У гэты дзень у санктуарый прыбылі ў пешай пілігрымцы маці з Гродна разам са сваімі дзецьмі і мужамі, каб прасіць у Панны Марыі ласкаў для сваіх сем’яў.

Урачыстасці ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі разам са сваёй парафіяльнай супольнасцю кожны год сардэчна вітае ўсіх пілігрымаў на Узгорку надзеі і запрашае даверыць Маці Божай свае справы і цяжкасці.

Капцёўка, па словах саміх пілігрымаў, з’яўляецца такім месцам, якое прыцягвае сваёй атмасферай, супакоем і надзвычайнай цішынёй, і хочацца туды вяртацца. Таму кожны год маці разам са сваімі сем’ямі прыходзяць туды на малітву, або, як кажуць яны, проста для таго, каб быць там.

Малітва маці змяняе свет
 

 

 

Канферэнцыю на тэму малітвы прамовіў для прысутных маці кс. Юрый Марціновіч. Ва ўступе святар згадаў словы св. Аўгустына: “Дайце мне маці, якая моліцца, і яна ўратуе свет”. У канферэнцыі адзначалася, што малітва маці вельмі важная і патрэбная для сённяшняга свету і сем’яў.

Святар з дапамогай фрагментаў Евангелля вызначыў рысы сапраўднай малітвы, якая “з’яўляецца мілай і прыемнай для Бога, а таксама будзе прыносіць плён у нашым жыцці”. “Пан Езус не раз у Святым Пісанні паказвае чалавеку, як павінна выглядаць сапраўдная малітва, як трэба маліцца, і сам з’яўляецца для нас прыкладам малітвы”, - адзначыў святар, дадаўшы, што на малітве чалавек павінен усведамляць: “Бог бачыць мяне, глядзіць на мяне, затрымаў позірк на чалавеку”.

Рысамі добрай малітвы кс. Юрый Марціновіч назваў таксама трываласць, якая “нараджае веру ў чалавеку”, давер, пакору, заўважыўшы, што “на малітву трэба станавіцца ў духу пакоры і са скрушаным сэрцам”, і “толькі малітва пакорнага чалавека будзе выслухана”.

Святар заахвоціў усіх маці “трываць у малітве ў сваіх сем’ях”, таму што “шчырая і даверлівая малітва маці змяняе свет, змяняе кожную сям’ю, змяняе марнатраўнага сына, вяртання якога чакае міласэрны Айцец”.

Штодзённы крыж кожнай маці 

 

Маці, прысутныя ў санктуарыі, прынялі ўдзел у Крыжовым шляху. Падчас набажэнства разважалася аб тым, што крыж кожнай маці не лёгкі, гэты крыж Хрыстус ускладвае на плечы кожнага, і маці ўсвядомілі, што гэты крыж на ўзор Езуса трэба несці да канца. Як адзначалася ў разважаннях, з крыжа не сходзяць, і крыж – асаблівы знак ад Бога, што Ён любіць чалавека і мае ў ім патрэбу, а хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.

Спаткаць Бога ў маці

 

Урачыстую Імшу ў інтэнцыі ўсіх жывых і памерлых маці дыяцэзіі ўзначаліў дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі. “У гэты дзень мы жадаем звярнуць увагу на маці, на яе заданне”, - так патлумачыў іерарх сэнс Дня маці.

Біскуп нагадаў пра падзеі Вялікай пятніцы, калі Хрыстус пакінуў Марыю як Маці для ўсіх хрысціян, сказаўшы апосталу Яну: “Вось Маці твая”.

Пілігрымаў, якія прынялі ўдзел у Дні маці, біскуп назваў “вучнямі Езуса, якія зранку вырушылі ў шлях, да Капцёўкі”. Падчас гэтага падарожжа, па словах іерарха, да пілігрымаў далучыўся Незнаёмы – Хрыстус, які размаўляў з імі “пра ўсё, што здарылася ў жыцці”, пра іх “веру і любоў да бліжняга”.

Кажучы пра маці, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў: “За ўсё самае каштоўнае ў нашай асобе, у нашым жыцці мы ўдзячныя сваёй маці: яна зачала і нарадзіла нас з любоўю”. Па словах іерарха, “маці ад пачатку вядзе сваё дзіця да Бога”, “але дзіця павінна спаткаць Бога найперш у маці”. Дзіця, як адзначыў біскуп, “разумее маці і давярае ёй, адчувае тое, што адчувае яна, бо маці найчасцей прамаўляе сэрцам”, “маці засланяе дзіця ад болю, адорвае яго самым цудоўным”.

Маці, як заўважыў іерарх, увасабляе сабой “самыя вялікія каштоўнасці, традыцыі культуры і рэлігіі”; яна “клапатлівая, усё сэрца ўкладвае ў дом і сям’ю, з’яўляецца сумленнем свайго мужа”; яна “выхавальніца дзяцей, увасабленне асноваў веры, маральнасці, хатняга агню”.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў усім маці за прыклад веры і руплівасць у выхаванні маладых пакаленняў і заахвоціў, каб усе маці падтрымлівалі Касцёл, а асабліва яго пастыраў, сваёй малітвай.

 

Вяртаючыся дадому, маці развітваліся з Узгоркам надзеі словамі песні: “Ёсць куток на гэтай зямлі, куды вяртацца хоча кожны”, абяцаючы Марыі, што вернуцца ў хуткім часе да гэтага асаблівага месца, пазначанага прысутнасцю Бога і Яго Маці – месца, якое прыцягвае, узбагачае, матывуе для далейшага жыцця і паглыблення асабістай малітвы.

Таксама ў гэты дзень адбылася пешая пілігрымка з Ашмян у Баруны, дзе, звяртаючыся да Маці Божай, вернікі маліліся за ўсіх маці.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.