Святога Станіслава, біскупа і мучаніка, ушанавалі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы. 8 мая парафія адзначала адпустовую ўрачыстасць, на якую сабраліся духавенства і шматлікія вернікі.
Адпустовую Імшу ўзначаліў а. Анатоль Ярошка OFMCap. У гаміліі святар наблізіў прысутным жыццёвы шлях святога Станіслава, які прыняў смерць за праўду.
У 1072 г. Станіслаў стаў кракаўскім біскупам. У той час польскім каралём быў Баляслаў Смелы, з якім біскуп Станіслаў напачатку плённа супрацоўнічаў. Аднак праз пэўны час з-за нейкіх невядомых прычынаў адносіны паміж манархам і біскупам пагоршыліся, у выніку чаго ў 1079 г. Станіслаў прыняў мучаніцкую смерць, а Баляслаў страціў карону і праз два гады памёр на выгнанні.
Айцец Анатоль Ярошка заахвоціў вернікаў сведчыць аб праўдзе таксама і сёння. Па словах святара, “чалавек, які змагаецца за праўду, павінен мець мудрасць і адвагу”. Святар дадаў, што ў кожную эпоху і кожны час людзі гінулі за праўду, а напачатку “за праўду загінуў Езус Хрыстус, які з’яўляецца Праўдай для нас”.
Святар заахвоціў прысутных “чуваць, бачыць, змагацца са злом, якога так шмат у свеце”, пажадаў, каб “у абароне праўды ў чалавека хапіла адвагі і мудрасці”.
Адпустовая ўрачыстасць завяршылася марыйным набажэнствам – спевам Літаніі да Маці Божай Ларэтанскай, а таксама эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.
Кс. Юрый Марціновіч
|