Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі Сапоцкіна: быць водарам Пана
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.05.2014 16:36

9 мая падчас Імшы ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Тэаліне) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі.

Сакрамэнт хрысціянскай сталасці атрымалі вернікі з парафіі ў Сапоцкіне, а таксама з іншых парафій дэканата: Перамянення Пана ў Селіванаўцах, парафія Маці Божай Ружанцовай у Лабне, Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы.

Праз прыняты сакрамэнт вернікі, у тым ліку моладзь, атрымалі дары Духа Святога, сталі здольнымі вызнаваць і бараніць веру, жыць паводле яе.

У гаміліі падчас Імшы кс. Раман Катлімоўскі заахвоціў прысутных: “Дазвольце, каб Езус быў вашым Сябрам. Так, як стаў Сябрам Яна Паўла ІІ, дзякуючы таму, што ён адкрыў сваё сэрца”.

“Касцёл просіць вас, каб вы былі водарам Пана, водарам веры, надзеі, любові і радасці”, - дадаў святар. Па яго словах, у сакрамэнце канфірмацыі вернікі “атрымаюць знак ад Пана, а ў гэтым знаку – сем дароў, што паходзяць ад Духа Святога”.

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да тых, хто стаў умацаваны дарамі Духа ў сакрамэнце канфірмацыі. “Падчас Эўхарыстыі мы прасілі Усемагутнага Бога, каб спаслаў свайго Духа на тых, хто атрымаў сакрамэнт. Дары Духа, якія вы прынялі ў гэтым сакрамэнце, развівайце ў сабе кожны дзень. Няхай Дух зробіць вас здольнымі да мужнага вызнавання веры. Сённяшняму свету патрэбны менавіта такія адважныя сведкі, якія кожны дзень будуць даваць сваё хрысціянскае сведчанне”, - сказаў іерарх.

“Касцёл ускладае на вас, на вашу маладосць і вернасць, вялікія надзеі, - дадаў біскуп. – Атрымаўшы моц Духа, будзьце ж сведкамі Хрыста Уваскрослага аж да краёў зямлі, сведчыце пра Бога словам, учынкам, асабістым прыкладам і штодзённай малітвай”.

Напрыканцы ўрачыстай Імшы тыя, хто прыняў сакрамэнт, выказалі ўдзячнасць за дар Духа Святога Богу, а таксама ўсім, хто непасрэдна рыхтаваў іх да гэтай падзеі. Вернікі паабяцалі, што будуць з гэтай хвіліны старацца, каб ніхто не згасіў запаленага Божага агню, будуць распальваць сэрцы іншых людзей, асабліва сваіх блізкіх, сяброў і знаёмых, і жыць Евангеллем для сучаснага чалавецтва і свету.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.