Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Размаўляйце штодня мовай Евангелля»: сакрамэнт канфірмацыі адбыўся ў Гродне-Паўднёвым
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.05.2014 11:41

10 мая моладзь парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы) у Гродне атрымала сакрамэнт канфірмацыі, які ім удзяліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Да сакрамэнту хрысціянскай сталасці прыступіла больш за 70 асобаў.

Сакрамэнт канфірмацыі абавязвае ўсіх, хто яго прымае, да выканання ўчынкаў, якія адпавядаюць каталіцкай веры, да адважнага вызнавання і абароны веры і апостальства ў сваім асяроддзі, абвяшчэння сваёй жыццёвай пазіцыі, што Езус з’яўляецца нашым Збавіцелем.

Пра абавязак абвяшчаць Хрыста сваім словам і праводзіць дыялог з Ім нагадаў маладым людзям бікуп Юзаф Станеўскі падчас гаміліі.

«Кожны з нас патрабуе моцы Святла і Святога Духа, каб усё расставіць на свае месцы, каб сваё жыццё, свае дні і дары, якімі надзяліў нас Пан Бог, не змарнаваць, але выкарыстаць на Божую хвалу і для свайго развіцця». — сказаў біскуп.

«Апосталы напоўніліся моцай з вышыні і пачалі гаварыць рознымі мовамі. Таму трэба, калі на вас сёння сыдзе Святы Дух, каб і вы пачалі размаўляць на розных мовах. Трэба пачаць гаварыць мовай, якая адрозніваецца ад мовы свету. Мовай адрознай ад той, на якой размаўляюць вашы аднагодкі на вучобе, на працы. Не той свецкай мовай, якая кажа толькі пра матэрыяльныя рэчы. Вы павінны ісці і несці святло Евангелля, бо праз гэты сакрамэнт, які атрымліваеце сёння, становіцеся абаронцамі і вызнаўцамі веры», – адзначыў іерарх.

Звяртаючыся да кандыдатаў, біскуп сказаў: «Касцёл чакае ад вас таго, што вы будзеце бараніць веру, што будзеце распавядаць іншым пра тое, чым жывеце — гэта і будзе “інакшасць” вашай мовы ў свеце».

«Кожны дзень карыстайцеся мовай Евангелля, кажыце іншым пра Езуса», — дадаў біскуп.
Таксама іерарх заахвоціў моладзь заўсёды і ўсюды шукаць духоўнай прыгажосці. Таму, паводле слоў біскупа, важна мець у жыцці столькі адвагі, каб казаць: “не” — наркотыкам, “не” – паленню, “не” – алкаголю, “не” — іншым справам, якія сучасны свет лічыць нормай.

Напрыканцы Эўхарыстыі моладзь, узбагачаная сямю дарамі Святога Духа, падзякавала біскупу, сваім катэхетам, бацькам і паабяцала, што будзе кожны дзень жыць паводле Божых загадаў і рэалізоўваць тыя заданні, якія акрэсліў перад ёй біскуп Юзаф Станеўскі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.