Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Лідчане наведалі розныя гарады Еўропы падчас пілігрымкі ў Люрд
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.05.2014 13:18

Для парафіянаў з Ліды была зладжана 9-дзённая пілігрымка да Маці Божай у Люрд. Разам з арганізатарам паездкі кс. Юрыем Беганскім, а таксама кс. Антоніем Адамовічам група парафіянаў распачала сваё падарожжа 2 мая.

У гэты дзень пілігрымы наведалі санктуарый Маці Божай Ліхеньскай, дзе разам маліліся на святой Імшы.

На другі дзень яны наведалі Германію: гістарычны горад Эйшвэйлер, Ахэн, у касцёле Св. Апосталаў Пятра і Паўла якога група сабралася на Эўхарыстыі. Шлях пілігрымаў праходзіў праз Бельгію ў накірунку Францыі.

На трэці дзень група пабывала ў Парыжы, са знакамітай Сенай і іншымі гістарычнымі скарбамі еўрапейскай архітэктуры і культуры. Імша адбылася ў капліцы “Цудадзейнага медаліка Маці Божай”. Апошняй кропкай гасцявання ў Парыжы для пілігрымаў быў Сабор Найсвяцейшага Сэрца Езуса. 5 мая група дасягнула сваёй мэты – Люрду.

Дзень распачаўся з экскурсіі па Люрду з малітвай у крыпце Маці Божай Ружанцовай, дзе цэлебравалася Імша за ўсіх медсясцёр Лідскай ЦРБ напярэдадні сусветнага дня медсясцёр (12 мая). Потым экскурсія працягвалася па месцах, звязаных з жыццём св. Бэрнардэты. Увечары пілігрымы, трымаючы запаленыя свечкі, прынялі ўдзел у працэсіі з інвалідамі, якія прыехалі ў санктуарый з просьбай аздараўлення.

На наступны дзень пілігрымы прысутнічалі на св. Імшы ў гроце, дзе Маці Божая аб’явілася св. Бэрнардэце. Пасля малітвы ўсе жадаючыя, маглі наведаць купель.

Ужо па дарозе дадому група наведала яшчэ некаторыя гарады Францыі: Каркасон, Авін’ён, мелі магчымасць сузіраць Міжземнае мора.

У перадапошні дзень група наведала Прагу, а па дарозе дадому ў рэлігійнай сталіцы Польшчы – Чэнстахове — складала малітву падзякі за пілігрымку.

Падчас паездкі пілігрымы маліліся за свае сем’і і ў іншых інтэнцыях, мелі магчымасць падыскутаваць на рэлігійныя тэмы, задаючы шматлікія пытанні святарам.

Кс. Юрый Беганскі лічыць, што гэтая пілігрымка прынесла шмат пазітыўнага для яе ўдзельнікаў, кожны стараўся падумаць пра сваё жыццё, пра змены ў ім. Такія падарожжы, як лічыць арганізатар, трэба ладзіць у сваім жыцці для таго, каб падчас іх кожны ўдзельнік вучыўся быць лепшым і перамяняўся ўнутрана.

Кс. Юрый Беганскі
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.