Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дыяцэзіяльныя дні моладзі пачаліся ў Гродне: «Хадзем, я пакажу табе дарогу»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.05.2014 22:44

16 мая ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) пачаліся XXI Дыяцэзіяльныя дні моладзі. На запрашэнне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адказалі больш за 1200 маладых людзей, што прыбылі з усёй дыяцэзіі.

У сустрэчы прымае ўдзел таксама група студэнтаў з Нігерыі, якія вучацца ў гродзенскіх навучальных установах.

Дэвізам гэтых дзён моладзі сталі словы: «Убогія духам маюць доступ да неба». Арганізатары хочуць паказаць маладым людзям, якія сёння могуць згубіцца ў віры сучаснасці, што толькі чалавек, які кожны дзень жыве з Богам, паводле навучання, заключанага ў Дэкалогу і Евангеллі, чалавек, убогі духам, пакорны, які думае пра іншых, можа быць шчаслівы і атрымае доступ да неба.

Дыяцэзіяльныя дні моладзі бяруць пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993 г., і з той пары штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.

Усіх, хто прыбыў на ХХІ Дыяцэзіяльныя дні моладзі, прывітаў душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза, выказаўшы маладым вернікам словы падзякі за адвагу, якая прывяла іх на сустрэчу ў Гродна, каб прысвяціць гэтыя дні Богу. Гаспадаром сустрэчы з’яўляецца парафія, у якой служаць святары супольнасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса.  

Сустрэча пачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адбылася Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Звяртаючыся да моладзі, біскуп адзначыў: “Як некалі ў Вячэрніку Езус Хрыстус маліўся аб тым, каб усе былі адно, так і мы падчас гэтых Дзён моладзі молімся і просім. А Езус моліцца разам з намі аб тым, каб праз вас іншая моладзь, якая не прысутнічае тут, пазнала Хрыста і паверыла, бо гэта дае шчасце, радасць, любоў”.

Па словах біскупа, “чалавек, які паверыў у Бога, можа адчуць сваю годнасць, сваё заданне”, а рэалізаваць гэтае заданне пакліканы кожны малады чалавек, дзяўчына і хлопец. Як адзначыў іерарх, моладзі важна ў гэтыя дні дыяцэзіяльнай сустрэчы спытаць у Бога: што я магу зрабіць, каб не толькі я быў радасны і шчаслівы, але каб такімі былі і іншыя людзі, іншая моладзь?

“Важна, каб вы не саромеліся казаць, што з’яўляецеся сведкамі Езуса Хрыста на гэтай зямлі, сведкамі Яго жыцця, уваскрасення, Яго ласкі, - падкрэсліў біскуп, звяртаючыся да маладых вернікаў. – Каб вы ўзялі за руку вашых сяброў, дзяўчат і хлопцаў, і сказалі: хадзем, я пакажу табе дарогу, - дзейнічаючы не фізічнай сілай, але даць прыклад сваім жыццём, каб яны бачылі ў нас Уваскрослага Езуса Хрыста, каб бачылі ў нас сведкаў”.

“Сённяшні свет патрабуе сведкаў – і нам трэба крочыць за імі”, - адзначыў іерарх і дадаў, што ў гэтыя дні моладзь дыяцэзіі будзе знаёміцца з жыццём святых беларускай зямлі, - тымі, якія імкнуліся да таго, “каб усе былі адно” i паверылі ў Хрыста, будзе разважаць над іх шляхам.

Першы дзень сустрэчы завяршыўся канцэртам моладзевага гурта “Да неба” парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Воранаве.

Mаладыя ўдзельнікі сустрэчы правялі канец яе першага дня ў атмасферы музыкі і танцаў. Забавы працягваліся да позняга вечара, такім чынам арганізатары хацелі нагадаць удзельнікам, што сапраўдную хрысціянскую радасць можна адчуць толькі будучы блізка да Пана, які стаў убогім, каб узбагаціць сваім убоствам людзей; што радасць – Божы дар, які дапамагае дзяліцца сваёй верай са спаткання з Хрыстом, і што гэтую радасць неабходна несці ў свет, у свае супольнасці, дамы, месцы вучобы і працы.

Як казаў біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі падчас Імшы, у гэтыя дні “ўсе шляхі вядуць да цэнтра дыяцэзіі, Гродна”, дзе сотні маладых сэрцаў шукаюць жыццёвага сэнсу, хочуць знайсці Езуса Хрыста і зрабіць Яго Панам свайго жыцця. Радасць, якая спадарожнічала моладзі ў першы дзень сустрэчы, перадаць складана: напэўна, для гэтага проста трэба быць на гэтай сустрэчы, адчуць і заразіцца гэтай радасцю.  

Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі працягнуцца да 18 мая.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.