Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Шукайце каштоўную пярліну – Хрыста»: Апостальскі Нунцый узначаліў Імшу ў межах Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.05.2014 15:24

17 мая ў межах ХХІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі Гродна наведаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Іерарх узначаліў Імшу ў парафіі Божай Міласэрнасці, сустрэўшыся з больш за 1200 маладымі вернікамі, якія прыбылі на Дні моладзі, каб перажыць сустрэчу з Богам і сваімі равеснікамі.

Моладзь радасна вітала Апостальскага Нунцыя, калі арцыбіскуп уваходзіў у святыню, удзяляючы прысутным благаслаўленне. Узнёслы характар сустрэчы надалі спевы, што гучалі ў касцёле.

У Імшы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, духавенства, семінарысты, сёстры законныя.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч у прывітальным слове падзякаваў Апостальскаму Нунцыю за прыбыццё на гэтыя ўрачыстасці. Згадваючы пра дэвіз сёлетніх Дзён моладзі - «Убогія духам маюць доступ да неба», - гродзенскі ардынарый нагадаў, што гэта спасылка на словы Езуса: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”. “Слухаючы Божае слова, прымаючы ўдзел у катэхезах, прыступаючы да сакрамэнтаў, моладзь дыяцэзіі прагне паглыбляць сваю веру, адкрываць яе багацце і прыгажосць, даваць сведчанне прыналежнасці да Хрыста і Яго Касцёла, дзяліцца з бліжнімі радасцю Евангелля, - сказаў іерарх. - У гэтыя дні мы духоўна яднаемся з Наступнікам святога Пятра, выражаем яму ўдзячнасць і сыноўнюю любоў, просячы ў малітве аб здароўі і Божым благаслаўленні ў служэнні Касцёлу”.



“Вы свабодныя, каб сказаць Хрысту “так” або “не””


Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваю чаргу падзякаваў гродзенскаму ардынарыю за магчымасць маліцца разам “у гэты прыгожы дзень з гэтай вельмі прыгожай моладдзю”. Прадстаўнік Папы падзякаваў таксама маладым вернікам за іх прысутнасць, а сцягі, якія яны трымалі ў руках, назваў “знакам адвагі, знакам таго, што Хрыстус ідзе па шляхах нашага жыцця”, знакам таго, “што мы не саромеемся Хрыста, не саромеемся, што мы католікі”. “Я ўпэўнены, што святы Ян Павел ІІ, які вельмі любіў моладзь, задаволены вашай прысутнасцю”, - дадаў, звяртаючыся да маладых людзей, Апостальскі Нунцый.

Іерарх звярнуў увагу на першае літургічнае чытанне гэтага дня, у якім гаворыцца: “У наступную суботу сабраўся амаль увесь горад слухаць слова Пана. Калі юдэі ўбачылі такі натоўп, напоўніліся зайздрасцю, пярэчылі таму, што казаў Павел, і блюзнерылі”. На гэта апосталы кажуць юдэям: “Вам першым трэба было абвяшчаць слова Божае. Але паколькі вы адкідваеце яго і лічыце саміх сябе нявартымі вечнага жыцця, таму мы звяртаемся да язычнікаў”.

“Калі сёння Бог, прыходзячы ў гэты касцёл, будзе расказваць пра сябе, пра сваё ўваскрасенне, - ці будзеце вы смяяцца з Яго? Ці будзеце казаць, што гэта казкі для дзяцей?” – паставіў пытанне моладзі Апостальскі Нунцый. – Бог любіць вас бясконца, любіць бясконца кожнага з вас, глядзіць у вашы вочы і кажа: “Ты Мой, ты Мая, Я цябе зрабіў сваімі рукамі, Мая фантазія цябе стварыла. Я табе даў сваю любоў – Божую любоў”. Па словах іерарха, на гэта кожны чалавек можа адказаць: “Пане, не чапляйся да мяне”, – на што Хрыстус з сумам апусціць вочы, таму, што Ён пакорны, а пасля скажа: “Я цябе ўсё роўна люблю, нягледзячы на гэта, але Мне трэба ісці далей. Ёсць шмат тых, якія хочуць адказаць на Маю любоў, і калі ты не хочаш – Я не буду настойваць”.

“З гэтага касцёла павінен выйсці акіян радасці”


“Дарагая моладзь, гэта ваша адказнасць, - падкрэсліў прадстаўнік Папы. - Мы, святары, паўтараем, яшчэ раз і яшчэ раз паўтараем, розныя рэчы, звязаныя з Хрыстом, каб яны засталіся ў вашым сэрцы. Але вы свабодныя, каб сказаць Хрысту “так” або “не”. Вы можаце адказаць Яму: “Пане, застанься з намі, бо вельмі добра нам быць з Табою”, а можаце сказаць: “Не, Пане, ідзі далей, праходзь””.

У адказ на пытанне арцыбіскупа, што скажа прысутная моладзь, калі Хрыстус спытаецца: “Ці хочаце быць са Мной?” – маладыя вернікі гучна выказалі жаданне быць з Богам. Але, па словах Апостальскага Нунцыя, “недастаткова крычаць аб гэтым у касцёле – трэба крычаць аб гэтым у жыцці”, і тады моладзь будзе заражаць іншых сваёй радасцю, прыцягваць іх да Хрыста. “З гэтага касцёла павінен выйсці акіян радасці: не павярхоўнай, але радасці той моладзі, якая мае ў душы Хрыста”, - сказаў іерарх.



“У нашых руках, руках святароў, часам брудных – найвышэйшае шчасце і багацце, якім з’яўляецца Хрыстус”

Затым арцыбіскуп звярнуў увагу на другое чытанне, у якім Філіп кажа Езусу: “Пане, пакажы нам Айца”, а Езус адказвае: “Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца”. “Хрыста мы не бачым, - адзначыў Апостальскі Нунцый. - Цела, якім з’яўляецца Касцёл, якім з’яўляемся мы, біскупы, іх рукі, - гэта Цела Хрыста. Хрыстус прыходзіць праз нас, праз нашую слабасць, праз рукі святароў”.

Па словах арцыбіскупа, верыць у Бога сапраўды складана, не бачачы Яго, і часам сябры веруючай моладзі могуць сказаць: “Навошта ты ідзеш у гэты касцёл?” Некаторыя ж кажуць: “Так, Бог ёсць, але Ён далёка і не мае нічога супольнага з гэтымі святарамі”.

“Мы – людзі сапраўды бедныя і грэшныя – маем усведамленне, што нясем Бога вам, - дадаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да моладзі. - Вы можаце сказаць: “Не, мы не хочам вас, не верым вам”. Уявіце, што тады вы можаце выкінуць пярліну, якую не бачыце, бо яна знаходзіцца ў бруднай ракавіне: не адкрыўшы, можаце выкінуць яе. Гэтая ракавіна, сапраўды, непрыгожая. Але вы павінны дайсці да таго каштоўнага, што ў яе сярэдзіне. Калі мы ўсё ж такі вытрымаем і дойдзем да сярэдзіны – то ўбачым прыгажосць, прыгажосць таго святла, якое сышло з неба. Мы не можам нічога іншага вам даць – у нашых руках, часам брудных, знаходзіцца тое найвышэйшае шчасце і багацце, якім з’яўляецца Хрыстус”.

“Ідзіце і шукайце каштоўную пярліну – Хрыста”


“Не звяртайце ўвагу толькі на рукі, толькі на знешняе, - ідзіце і шукайце менавіта гэтую пярліну, - заахвоціў моладзь прадстаўнік Папы. - І калі вашы сябры зноў спытаюць: “Чаму ты пайшоў у касцёл?” – вашым адказам будзе: “Таму што я ўжо спаткаўся з гэтай пярлінай – Хрыстом””.

Па словах іерарха, Бог чакае ад маладых людзей выбару, пытаючыся: “Ці гатовы ты паверыць, што ў гэтай ракавіне знаходзіцца пярліна? Можа, ты яшчэ не дайшоў да яе, але ці гатовы ты разам са Мной зрабіць гэты крок, каб яе знайсці?”

Напрыканцы Імшы моладзь на працягу хвіліны крычала: “Беларусь чакае Папу!” Такім чынам маладыя вернікі прасілі Апостальскага Нунцыя перадаць прывітанне і запрашэнне Святому Айцу.

Анастасія Грышан, кс. Юрый Марціновіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.