У межах Дыяцэзіяльных дзён моладзі ў Гродне ў другі дзень сустрэчы, 17 мая, выступіла з канцэртам група студэнтаў з Нігерыі і Камеруна, якія вучацца ў гродзенскіх навучальных установах. Студэнты выканалі песні, якімі ўпрыгожваюць нядзельную Імшу, парадаваўшы сваім выступленнем прысутную моладзь.
Маладыя людзі, якія прыбылі на вучобу ў Беларусь, прымаюць актыўны ўдзел у рэлігійным жыцці Гродзенскай дыяцэзіі, у тым ліку ў малітоўных сустрэчах, акцыях. Хлопцы прыслужваюць пры алтары, наведваюць Душпастырства студэнцкай моладзі ОPEN.
Па словах саміх нігерыйцаў і камерунцаў, для іх вялікі гонар удзельнічаць у ХХІ Дыяцэзіяльных днях моладзі, дзе не важнае паходжанне, колер скуры, нацыянальнасць, але адчуваецца адзінства, дзе ўсе побач, разам на малітве і на забавах, дзе адчуваецца паўсюднасць Касцёла. "Мы знайшлі ў Беларусі свой дом. Нам тут вельмі добра, бо мы таксама можам удзельнічаць у жыцці Касцёла", - прызнаўся адзін з іх.
За спевы беларуская моладзь крычала гасцям: “Very good!”
ХХІ Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі пад дэвізам «Убогія духам маюць доступ да неба» праходзяць у парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне з 16 па 18 мая. У іх удзельнічаюць больш за 1200 чалавек з усёй дыяцэзіі. Кс. Юрый Марціновіч
|