Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Іерархі адказалі на пытанні ўдзельнікаў Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.05.2014 21:11

17 мая ў межах ХХІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі падчас прэзентацыі груп, якая мела месца ў праграме, маладыя людзі атрымалі магчымасць задаць пытанні іерархам. На пытанні адказвалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Прэзентацыя груп заключалася ў прадстаўленні моладдзю сваіх парафіяльных супольнасцяў. Прэзентацыя была творчай: некаторыя распавялі пра свае супольнасці ў песнях, некаторыя – праз танец. Увазе прысутных былі прапанаваны і сцэнкі. У прыватнасці, гаспадары сустрэчы – моладзь гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці – у сваёй сцэнцы імкнуліся данесці думку, што Бог любіць людзей такімі, якія яны ёсць, нават непрыгожымі, няўдачнымі, неразумнымі, заўсёды працягвае ім руку дапамогі і дае шанс выправіцца, каб людзі маглі быць бліжэй да Яго.

Што значыць “шчаслівыя ўбогія духам”?

Падчас размовы моладзі з іерархамі адно з пытанняў датычыла таго, як быць духоўна ўбогім, што значыць “благаслаўлёныя ўбогія духам”. Па словах Апостальскага Нунцыя, у гісторыі Касцёла было два разуменні: першае - благаслаўлёны той, хто бедны матэрыяльна, другое - благаслаўлёны той, хто ўбогі духам; гэтае другое разуменне азначае, што чалавек можа мець матэрыяльныя рэчы, але ён бедны, калі яго сэрца да іх не прывязана.

Варта, як адзначыў арцыбіскуп, спалучыць і першае, і другое разуменне. Па словах іерарха, багатым вельмі цяжка адвязваць сваё сэрца, вызваляць яго ад багаццяў, якія яны маюць. Апостальскі Нунцый узгадаў словы Хрыста ў Евангеллі, што багатаму складана трапіць у неба, і прасцей вярблюду прайсці праз вугольнае вушка. “Было б вельмі сумна, калі б Еўропа падзялілася на дзве паловы: на частку, якая знаходзіцца на Захадзе, жыве для таго, каб толькі спажываць, і на ўсходнюю, якая марыць паехаць на гэты Захад і таксама спажываць. Тыя, хто на Захадзе, сапраўды сябе нібы высушваюць знутры, спусташаюць з-за празмернага багацця. Вы – не такія. Гляньце, колькі вас сёння: гэта значыць, што вы маеце ў сэрцах пытанні, што вы шукаеце Пана”, - гэтыя словы скіраваў іерарх да прысутнай моладзі.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што сённяшняя праблема – уяўныя “сябры” людзей, грошы, якіх “сапраўды трэба баяцца”. “Чалавек, які поўны грошай, матэрыяльных рэчаў, бачыць перад сабой толькі зямлю. Хто бедны сэрцам – сапраўды мае адвагу і магчымасць глядзець у неба. Калі вам скажуць: абірай грошы і будзеш сапраўды багатым, скажыце: не, дзякуй, у мяне ёсць лепшы выбар – я хачу мець сэрца чыстым і свабодным, - параіў моладзі іерарх. - І ў свабодным сэрцы вы сапраўды знойдзеце твар Хрыста, які ўсміхаецца”.


“Ёсць патрэба ў святарах і біскупах, якія адчуваюць моладзь, разумеюць яе”

Было ўзнята і пытанне, што значыць для святароў працаваць з моладдзю як будучыняй Касцёла. Па словах біскупа Юзафа Станеўскага, моладзь называлі будучыняй Касцёла заўсёды, а асабліва гэта падкрэсліваў святы Ян Павел ІІ. “Маладосць – гэта час, калі вы задаеце сабе пытанні, калі чалавек распазнае, што асабліва важнае ў жыцці”, - адзначыў іерарх. Маладосць – гэта, як дадаў біскуп, час умацавання веры, гатоўнасці спаўняць яе патрабаванні ў сваім жыцці. Часта, па словах іерарха, гэтая гатоўнасць у маладых вернікаў існуе, але разам з ёю існуе і боязь: “Што скажа свет, што скажуць іншыя?” “З вамі, моладдзю, трэба прабываць, з вамі трэба быць, бо вы заўсёды можаце знайсці пытанне. Таму важна, каб у кожным месцы быў чалавек, які вам адкажа”, - падкрэсліў біскуп. Іерарх дадаў, што не цурацца сваёй веры маладым людзям трэба і тады, калі яны будуць засноўваць сем’і, бо “часам мы ў адзін момант адмаўляемся ад веры, хоць раней практыкавалі”. “Вельмі важна, каб мы паехалі з гэтых дзён моладзі не толькі ў радасці, але ўмацаваныя сэрцам”, - падвёў выснову біскуп.

Апостальскі Нунцый распавёў гісторыю аб тым, як Папа Ян Павел ІІ сустрэўся з моладдзю ў яго родным горадзе Вероне. “Я працаваў з ім шэсць гадоў, і потым ён прапанаваў мне разам паехаць у мой горад. Там была сустрэча з моладдзю, у якой удзельнічала 20 тысяч чалавек. У пэўны момант моладзь пачала танцаваць, і Ян Павел ІІ быў настолькі ўражаны, задаволены, што таксама пачаў рухацца ў рытме гэтага танцу”, - расказаў іерарх. Пасля ж, калі настаў момант прамаўляць гамілію, Папа па яго прапанове адклаў падрыхтаваныя загадзя паперы і вырашыў казаць “тое, што мае ў сэрцы” – і  гаварыў прысутным 20 тысячам “пра вартасць цела, якое танцуе”. “Я, будучы з ім, зразумеў, што ён не проста кажа моладзі, але ён яе адчувае, - дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. - Мы маем патрэбу ў такіх біскупах, святарах, якія не проста гавораць моладзі, але якія адчуваюць яе, разумеюць”.


“Пачні размаўляць з Богам, раскажы Яму пра сваё жыццё”

Як адзначыў у размове з моладдзю Апостальскі Нунцый, "”Еўрабачанне” кажа: ёсць нейкі чалавек, які быццам бы крыху мужчына, крыху жанчына, гэта прыгожа, гэта такі стыль жыцця, праз які яшчэ і можна зарабіць грошы; і мы бярэм грошы, карыстаючыся праблемай гэтага чалавека, яго незразумелай арыентацыяй". Па словах арцыбіскупа, “гэта адказ д’ябла”, а адказ веруючага чалавека на такую праблему будзе іншым. “Ты сапраўды такі, гэта тваё пакліканне, або ты проста хочаш праз гэта зарабіць увагу, грошы? Калі ты сапраўды не разумееш, хто ты, – пачні размаўляць з Богам, раскажы Яму пра сваё жыццё, і Ён цябе не будзе асуджаць, - патлумачыў іерарх. - Разам з Богам мы ідзём праз жыццё, каб зразумець, дзе праўда жыцця”.

Чалавеку важна, як дадаў прадстаўнік Папы, “адчуваць, што Бог любіць яго такім, які ён ёсць” – тады чалавек зможа “адчуць сябе свабодным, у сэнсе хрысціянскім – зразумець, што ён, будучы хрысціянінам, можа мець нейкія слабасці, але вырашаць гэтыя праблемы”. “Такім чынам мы дапаможам шматлікай моладзі, якая знаходзіцца сапраўды ў рабстве. Не будзем зарабляць грошай на слабасцях, дзівацтвах такога чалавека, і не будзем рабіць, як іншыя, якія адварочваюцца ад яго праблемы, - падкрэсліў арцыбіскуп. - І такі чалавек адчуе, што хтосьці глядзіць яму ў вочы, па-сапраўднаму яго любіць. І пасля стане бачна, якія цуды Бог робіць з гэтым чалавекам”.

Таксама ў першай палове гэтага дня ў межах сустрэчы моладзі былі праведзены “катэхезы ў катэхезах” на тэму “Святыя нашай зямлі атрымалі доступ да неба. Асноўныя рысы духоўнасці і прыклады да пераймання”. Моладзь разважала над рысамі і дарогай да святасці тых святых, якія звязаны з Беларуссю і Гродзенскай дыяцэзіяй у прыватнасці, шукалі адказ на пытанне, чаму можа навучыцца ў святых і благаслаўлёных сучасны чалавек, асабліва малады, каб не згубіцца ў жыцці. Былі разгледжаны постаці св. Ядвігі, св. Казіміра, св. Максімільяна Марыі Кольбэ, бл. Мар'яны Бярнацкай, бл. сясцёр назарэтанак, бл. ксяндза Генрыха Глябовіча, бл. ксяндза Міхала Сапоцькі, бл. сястры Цэліны Бажэнцкай.


Увечары моладзь удзельнічала ў эўхарыстычнай адарацыі і мела магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. На заканчэнне дня адбыўся абрад благаслаўлення „сейбітаў Божага Валадарства”, падчас якога маладых вернікаў заахвоцілі да таго, каб, вярнуўшыся дадому, да штодзённых справаў, яны “сеялі Божае слова”, абвяшчалі сваім жыццём Евангелле, былі евангелізатарамі ў сучасным свеце – а гэта значыць былі людзьмі глыбока веруючымі, тымі, якія “сеюць зерне”, якое, упаўшы ў глебу чалавечых сэрцаў, прынясе плён.

Анастасія Грышан, кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.