Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай узначаліў Імшу ў межах святкавання юбілею служэння салезіянаў у Смаргоні (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.05.2014 20:04

24 мая ў межах святкавання юбілею 25-годдзя прысутнасці і пастырскай працы салезіянскай супольнасці ў смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, які спецыяльна прыбыў на ўрачыстасці, узначаліў святую Імшу.

У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны дарадчык з Рыма кс. Тадэвуш Розмус, рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла кс. Генрых Куляшэвіч SDB, святары, сёстры законныя, вернікі Смаргоні і іншых мясцін.

На пачатку Імшы да прысутных звярнуўся настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Аляксандр Яшэўскі SDB.

Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, нагадваючы, што ў гэты дзень Касцёл адзначае ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў, сказаў у гаміліі: “Наш дарагі айцец, закладальнік Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Ян Боско бачыў у Марыі Успамозе Хрысціянаў тую, якая з’яўляецца заснавальніцай справы выхавання моладзі”. Эўхарыстыя, па словах іерарха, дазваляе сказаць “дзякуй” Богу праз Марыю, “праз Яе рукі”.



Разважаючы над першым з літургічных чытанняў гэтага дня, дзе гаворыцца пра перамогу над цмокам, які з’яўляецца д’яблам, арцыбіскуп звярнуў увагу, што “ў гэтай перамозе Марыя адыгрывала сваю ролю як Маці Бога і Маці Касцёла”. “Будучы Маці, Яна просіць за ўсіх, хто патрабуе”, - дадаў іерарх.

Па словах сакратара Кангрэгацыі, Маці Божая “не толькі заступаецца і просіць, але і вучыць быць паслухмянымі”, кажучы падчас фрагменту аб вяселлі, апісаным у Евангеллі, каб зрабілі тое, што скажа ім Езус, а “Яе ўпэўненасць дае нам моц і надзею”. Іерарх засяродзіў увагу на поглядзе Марыі і Хрыста ў гэтым фрагменце – “поглядзе Маці і Сына, поглядзе, поўным пачуццяў”.

“Ксяндзу Яну Боско Маці Божая сапраўды дала надзею і сілу, з якімі ён увайшоў у гэтую працу з моладдзю, - адзначыў арцыбіскуп. – Дон Боско сам атрымаў гэты дар – мець мацярынскі твар, але не трымаў гэтага дару для сябе, а заўсёды ўказваў менавіта на Маці Божую”. Іерарх дадаў, што ініцыятыва салезіянаў, калі ў 1989 г. яны прыйшлі ў Смаргонь і пачалі там аднаўленне святыні, “з’яўляецца знакам моцнай прысутнасці Марыі сярод нас”. “Я, пакуль не прыехаў сюды, нават не ўяўляў, наколькі прыгожым можа быць гэтае месца, дзе мы разам зараз знаходзімся, - прызнаўся арцыбіскуп. – І я моцна адчуваю прысутнасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў сярод нас”.

Пераносячы ўвагу ў гаміліі са Смаргоні ў Кітай, сакратар Кангрэгацыі ўзгадаў пра Маці Божую Успамогу Хрысціянаў, якую ўшаноўваюць у санктуарыі ў Шэшане. У гэтым санктуарыі, па словах арцыбіскупа, праходзілі тысячы пілігрымаў з розных куткоў Кітая і можна было пачуць розныя гісторыі, у тым ліку людзей, якія зведалі пераслед. У 1924 г., як нагадаў іерарх, у Шанхаі адбываўся першы Сінод кітайскіх біскупаў, пасля якога Кітай прысвяцілі Маці Божай Успамозе Хрысціянаў, каб "Яна была на чале развіцця Касцёла ў гэтай краіне, вяла яе наперад". На гэтых тэрыторыях, дадаў арцыбіскуп, таксама паступова расла і развівалася салезіянская святасць.



Падчас Імшы святары Таварыства св. Францішка Сальскага, сёстры з Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянкі), семінарысты, якія належаць да супольнасці салезіянаў, склалі акт ахвяравання Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Заканчэннем першага дня юбілейных урачыстасцяў стаў “Моладзевы фэст” з удзелам рок-квартэта з Мінска “Open Space”.

 

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.