Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай у Смаргоні: Cвятасць — не эксклюзіўная рэч, кожны ахрышчаны павінен імкнуцца да яе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.05.2014 16:00

25 мая, у другі дзень святкавання 25-годдзя прысутнасці і пастырскай працы салезіянскай супольнасці ў парафіі Святога Міхала Арханёла, у Смаргоні працягнуўся сімпозіум. Удзел у ім прынялі сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай SDB, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, салезіянскія святары і сёстры законныя, вернікі парафіі ў Смаргоні, у якой штодня служаць духоўныя сыны і дочкі св. Яна Боско.

З дакладам выступіў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, які, сам з’яўляючыся салезіянінам, падзяліўся развагамі на тэму салезіянскай святасці.

«Гэтая святасць — сказаў арцыбіскуп, — не з’яўляецца эксклюзіўнай рэччу. Кожны ахрышчаны чалавек павінен імкнуцца і імкнецца да яе. Святасць — гэта жыць у Божай ласцы, мець вольную свядомасць ад граху, дар Божы, праграму жыцця, радасць жыцця».

Іерарх прыгадаў словы, якія часта казаў сваім хлопцам-выхаванцам св. Ян Боско: «Рабіце, што хочаце, можаце скакаць, можаце смяяцца і танцаваць і г.д., але не грашыце».

Таксама дакладчык падзяліўся развагамі пра тое, што трэба рабіць, каб дасягнуць святасці: «Трэба супрацоўнічаць з Богам, трэба спаўняць Божую волю, дзесяць Божых запаведзяў, якія Ён дае».

Арцыбіскуп адказаў на пытанне аб тым, дзеля чаго патрэбна святасць, адзначыўшы, што «дзеля таго, каб сапраўды сведчыць аб штодзённай любові, якую Бог да нас мае».

Пасля даклада прысутныя мелі магчымасць задаць арцыбіскупу пытанні. На адно з іх, пра тое, як ён сам прыйшоў да каталіцкай веры, іерарх распавёў гісторыю:

«Я нарадзіўся не ў каталіцкай сям’і, мае бацькі былі бежанцамі, таму наша сям’я ўцякла з Кітая ў Ганконг, які ў той час знаходзіўся пад уладай Вялікабрытаніі. Мае бацькі адправілі маіх братоў і сясцёр вучыцца ў каталіцкія школы, якія былі вядомыя сваёй высокай якасцю выхавання і адукацыі.

Браты якраз патрапілі да салезіянаў.

Мой старэйшы брат, якому было 16 год, атрымаў хрост у салезіянаў. Пасля і я пайшоў у школу да іх.(…)

Аднойчы мяне папрасілі пабыць міністрантам. На той момант нас там было каля 70 хлопцаў, і адзін з іх сказаў: “А ты не ахрышчаны!”. А я адказаў: “Не ахрышчаны, але католік!”

Крыху пазней я зразумеў, як важна быць ахрышчаным, і распачаў катэхэзу. Такім чынам, я атрымаў сакрамэнт хросту, а пасля двух год адзін салезіянін-катэхет паклікаў мяне, каб я не проста быў міністрантам, а быў аспірантам. І тады я кожны дзень хадзіў на святую Імшу.

Салезіяне і цяпер, і тады былі вельмі мудрыя. Кожны раз, калі мы хадзілі на катэхезу, айцец катэхет даваў спецыяльную картку. І калі чалавек збіраў гэтыя карткі, то пасля атрымліваў узнагароду.

Ходзячы ў школу, я не атрымліваў узнагароду, а вось, ходзячы на святую Імшу, — мог атрымаць. І ў мяне было такое пачуццё, што я маленькі святы. Можа, таму мяне паклікалі быць аспірантам і пайсці ў семінарыю. Калі мне прапанавалі, то я сказаў, што трэба паразмаўляць з маімі бацькамі, і запытаўся ў маці.

Як толькі я пачаў размаўляць з ёй на гэтую тэму, яна сказала, што мой брат калісьці сказаў тое самае, але пасля таго, як прабыў у семінарыі 3 месяцы, вярнуўся.

“Калі твой старэйшы брат не змог, то і ты не зможаш”, — сказала мама.

І я быў вельмі незадаволены гэтым адказам. Я сказаў: «Мамка, не кажы, што я не змагу».

Падчас школы быў арганізаваны адзін школьны лагер, тры тыдні летніку, якія былі незабыўнымі. На пачатку дня была Імша, два разы на тыдзень ладзіліся паездкі ў розныя месцы і ўдзельнікі шмат што бачылі, была магчымасць навучыцца лацінскай мове, прынамсі чытанню малітваў па-лацінску.
Што мяне кранула, дык гэта тое, калі я бачыў гэтых хлопцаў, якія ўсе разам з розных канцоў Кітая, з розных школ былі разам. Мяне кранула салезіянская сям’я — вельмі рознабаковая.

Пасля гэтых трох тыдняў я зноў падышоў да маці, каб запытацца, ці магу я пайсці ў семінарыю. Мама сказала: "Так, добра, ідзі”. Але дзесьці глыбока ў сэрцы яна мела надзею, што праз тры-шэсць месяцаў я вярнуся. Толькі я ўсё ж такі застаўся на 6 год у семінарыі, пасля на год у навіцыяце і ўжо мінула 45 год пасля шлюбаў…»

JM, AYU


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.