Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імшой і асвячэннем скульптуры св. Яна Боско завяршыліся юбілейныя ўрачыстасці ў Смаргоні (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.05.2014 19:27

25 мая ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні скончыліся юбілейныя ўрачыстасці 25-годдзя прысутнасці і пастырскай працы салезіянскай супольнасці.

Павіншаваць духоўных сыноў св. Яна Боско прыбыло шмат гасцей з усёй Беларусі і з-за мяжы. Урачыстую Імшу на заканчэнне святкавання ўзначаліў сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, які таксама з’яўляецца салезіянінам. У Імшы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Генеральны дарадчык з Рыма кс. Тадэвуш Розмус, рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Францішка Сальскага кс. Віктар Гайдукевіч SDB, першы пробашч адроджанай смаргонскай парафіі Святога Міхала Арханёла кс. Генрых Куляшэвіч SDB, святары, сёстры законныя, вернікі Смаргоні і іншых мясцін.

 

На пачатку Імшы да ўдзельнікаў прамовіў кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, настаяцель салезіянскай супольнасці ў Смаргоні, які адзначыў: «Гэтай эўхарыстычнай ахвярай мы жадаем скончыць святкаванне нашай юбілейнай урачыстасці, каб, благаслаўлёныя Панам, падтрыманыя апекай Панны Марыі, з яшчэ большай руплівасцю мы маглі ісці наперад, служачы аддана Богу і людзям, а асабліва дзецям і моладзі». Святар таксама папрасіў усіх прысутных маліцца аб Божым благаслаўленні на далейшыя гады жыцця і служэння салезіянскай супольнасці.

У гаміліі арцыбіскупа Савіо Хона Тай-Фая была звернута ўвага на два моманты: першыя развагі датычыліся Святога Духа, які з’яўляецца Суцяшальнікам, а другія — Божай Маці на Вячэрніку.

Хто такі «суцяшальнік»? На гэтае пытанне жадаў даць адказ слухачам арцыбіскуп, прыводзячы прыклад з уласнага школьнага жыцця, калі за яго заступіўся і па-сапраўднаму падтрымаў сябра, застаўшыся з ім побач, калі ўсе астатнія з яго смяяліся і праходзілі далей.

Было таксама адзначана, што слова “суцяшальнік”, якое паходзіць са старажытных часоў, датычыцца суду: у даўнія часы “суцяшальнікам” называлі чалавека, які знаходзіўся ў судзе побач з тым, каго судзілі, каб прысутнічаць і суцяшаць яго.

Іерарх прыгадаў, што першым Суцяшальнікам у гісторыі хрысціянства быў сам Езус Хрыстус, які распавёў «пра іншага Суцяшальніка, якім з’яўляецца Святы Дух, якога Езус яшчэ назваў і Духам Праўды».

Перад тым, як перайсці да разважанняў пра Божую Маці, арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай патлумачыў вобраз “вячэрніка”, які з’яўляецца сімвалам і драматычных, і таямнічых момантаў з жыцця Езуса Хрыста. “Драматычным, — сказаў іерарх, — таму што нагадвае нам пра тое месца, дзе адбывалася спатканне з Хрыстом падчас Апошняй Вячэры, якая вяла Яго да крыжовай смерці, (…), а таямнічым - бо тое, што наказваў Езус сваім вучням у вячэрніку, не мінае, а застаецца таямнічым спосабам прысутным сярод нас».



«Вячэрнік застаецца сёння ў сакрамэнтах, у Слове Божым, еднасці ўсяго Касцёла, малітвах, у нашых сведчаннях», — дадаў арцыбіскуп.

Іерарх падкрэсліў, што «падчас Вячэры з’яўляецца асоба Маці Божай, якая таксама перажывае гэтыя драматычныя моманты з жыцця Хрыста. І ў Ёй Святы Дух рэалізуе вобраз Міласэрнага Айца».

Арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай скончыў гамілію малітвай да Божай Маці, праз заступніцца якой прасіў, каб "сярод штодзённых цяжкасцяў працягвалі верыць, спадзявацца і любіць, ніколі не баяліся гаварыць Хрысту пра гэты свет і гэтаму свету пра Хрыста".

Напрыканцы Імшы са словамі падзякі Пану Богу і ўсім прысутным ад імя ўсёй супольнасці і парафіянаў звярнуўся кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, адзначыўшы, што гэтыя дні застануцца ў гісторыі і памяці народа.

Са сваім заключным словам звярнуўся і сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай, які адзначыў, што найперш звяртаецца да маладых людзей і да дзяцей, якія прынялі ў гэтым годзе Першую святую Камунію: «Калі адчуеце голас Пана, які кліча стаць святаром, законнікам ці салезіянскай сястрой, то майце адвагу адказаць на гэты заклік Хрыста. Праз 25 год сярод вас будзе салезіянскі біскуп!»



Пасля Імшы арцыбіскуп Савіо Хон Тай-Фай асвяціў фігуру св. Яна Боско, убудаваную ў дом салезіянскай супольнасці, а таксама адчыніў і асвяціў памятную дошку, усталяваную з нагоды 25-гадовага юбілею.

   

Салезіянская супольнасць у Смаргоні — вельмі жывая сям’я, якая актыўна ўдзельнічае ў рэлігійным жыцці дыяцэзіі і краіны. Тут актыўна і крэатыўна праводзіцца праца з дзецьмі і моладдзю, што і складае харызмат супольнасці. Прыкладам і ўзорам для наследвання з’яўляецца св. Ян Боско.

 

JM, AYU

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.