25 мая ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы і Св. Францішка Асізскага ў Свіслачы дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі падчас Імшы ўдзяліў сакрамэнт Канфірмацыі групе з 200 чалавек. Да сакрамэнту парафіяльная супольнасць падрыхтоўвалася праз удзел у катэхезах, прабыванні на малітвах і праз Эўхарыстыю.
У гаміліі біскуп прыгадаў усім прысутным, што кожны чалавек створаны па Божаму падабенству і з’яўляецца дзіцём самога Бога. Кожны чалавек патрабуе правадніка, патрабуе Святога Духа, і, як адзначыў іерарх, «Святы Дух робіць чалавека рыцарам, які будзе не толькі вызнаваць веру, але яе бараніць».
Таксама іерарх заахвочваў кандыдатаў да канфірмацыі, каб іншыя вакол «бачылі і распазнавалі ў іх сведкаў Хрыста, а распазнаваць павінны па слове і ўчынку». Праз гэты сакрамэнт чалавек павінен змяняцца. Змена павінна быць бачнай у штодзённых словах. Таксама павінны змяняцца ўчынкі чалавека — «учынак павінен быць аточаны любоўю да бліжняга».
Біскуп падзякаваў бацькам, настаўнікам і выхавацелям за працу ў выхаванні дзяцей і клопат пра іх духоўнае развіццё, заахвоціў да штодзённага сведчання сваім жыццём і прыкладам. Тых, хто прыняў сакрамэнт, біскуп папрасіў, каб, не звяртаючы ўвагу на абставіны, перад сваімі аднагодкамі вызнавалі, што Панам ёсць Хрыстус.
Напрыканцы Імшы біскуп благаславіў усіх прысутных у касцёле дзяцей, каб узрасталі ў ласцы Бога і людзей. Пасля іерарх наведаў родны дом навучэнца Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Андрэя Каўшука, дзе сустрэўся з яго сям’ёй.
JM
|