У Гродне будзе асвячаны памятны знак «Паклонны Крыж» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
28.05.2014 11:57 |
7 чэрвеня ў 11.30 у скверы на плошчы Савецкай у Гродне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне на месцы страчаных святыняў памятнага знака “Паклонны Крыж”, прымеркаванае да Х Рэспубліканскага фестываля нацыянальных культур. Памятны знак асвяцяць і звернуцца да прысутных са словам біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій (Беларуская Праваслаўная Царква).
Сквер на плошчы Савецкай мае багатую гісторыю. Тут на скрыжаванні дарог узвышалася святыня, якая ў розныя часы называлася па-рознаму: фара Вітаўта, Сафійскі сабор, Гарнізонны касцёл. Нязменным застаецца тое, што на працягу стагоддзяў гэтая святыня была галоўнай на Нёмане і сёлета магла б адзначыць 625-годдзе.
Памятны знак створаны для таго, каб нагадваць тым, хто будзе праходзіць і праязджаць побач, пра жаданне жыць па законах дабра, любові да бліжняга, пра неабходнасць маральнага ачышчэння. Паклонны Крыж стане сімвалам ўзаемаразумення і даверу, агульных інтарэсаў і каштоўнасцяў.
Пасля асвячэння загучаць званы каталіцкіх і праваслаўных святыняў у цэнтры горада. (JM)
|