Па традыцыі на працягу некалькіх гадоў у Гродзенскай дыяцэзіі ў першую нядзелю чэрвеня адзначаецца Дзень бацькі. Сёлета галоўныя ўрачыстасці адбыліся 1 мая ў санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы.
На малітве сабраліся мужчыны, якія прыбылі ў пешай пілігрымцы з Гродна, разам са сваімі жонкамі і дзецьмі. У пілігрымцы прынялі ўдзел таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Перад пачаткам пілігрымкі адбылася Імша ў касцёле Маці Божай Анёльскай, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Затым іерарх прайшоў частку шляху разам з вернікамі.
У капцёўскім санктуарыі ўсіх сардэчна прывітаў кусташ кс. Міхал Ластоўскі разам з парафіянамі. Адбылася малітва ў інтэнцыі ўсіх бацькаў дыяцэзіі – жывых, каб яны былі праваднікамі ў веры для сваіх сем’яў, а таксама спачылых, каб за працу выхавання і навучання сваіх дзяцей яны атрымалі ад Бога вечнае шчасце.
Ксёндз Юрый Марціновіч прамовіў канферэнцыю, у якой разважаў у кантэксце Года малітвы аб важнасці малітвы ў жыцці бацькі і хрысціяніна і аб задачах кожнага бацькі.
Па словах святара, мужчыны пакліканы да таго, каб служыць сваёй сям’і, быць праваднікамі ў веры; ім была дадзена сіла, каб абараняць сваю сям’ю і каб яе навучаць – падобна як святы Юзаф, які бараніў Дзіцятка Езуса ад жорсткага Ірада. Мужчыны, як было адзначана, працуюць большую частку дня па-за домам, але таксама павінны працаваць дома над фармаваннем сям’і і даваць прыклад малітвы сваім дзецям. Святар падкрэсліў важнасць асабістага прыкладу бацькі ў рэлігійным выхаванні дзіцяці.
Прамоўца адзначыў неабходнасць малітвы ў хрысціянскай сям’і, што дапамагае “не згубіць праўду пра сужэнскую любоў і вернасць”, дыялогу з Богам, які “палягчае сужэнцам узаемны дыялог і вернасць прынятым абавязкам”.
Дыяцэзіяльны Дзень бацькі ў Капцёўцы завяршыўся ўрачыстай Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і падчас якой удзельнікі дзякавалі Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі за бясцэнны дар айцоўства. Біскуп у гаміліі нагадаў пра абавязкі бацькі хрысціянскай сям’і, падкрэсліўшы, што кожны бацька з’яўляецца “святаром у сваім хатнім Касцёле”. (JM)
|