Сталася добрай традыцыяй, што ў першыя дні чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч запрашае дзяцей на спецыяльную сустрэчу ў Гродна. З вялікай зацікаўленасцю і актыўным удзелам наймалодшыя дыяцэзіяне прынялі запрашэнне на сваё свята ў гэтым годзе.
2 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне-Паўднёвы адбыўся IV Дыяцэзіяльны Дзень Дзіцяці. На запрашэнне арганізатараў адказала больш за 1500 дзяцей, якія прыехалі разам са сваімі святарамі і бацькамі нават з самых далёкіх куточкаў гродзенскай дыяцэзіі. Таксама трэба адзначыць, што прынялі ўдзел у сустрэчы і наймалодшыя прадстаўнікі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Маладзечна.
У гэтым годзе свята дзяцей праводзілася пад дэвізам: “З малітваю праз жыццё”. Касцёл ў Беларусі гэты год перажывае як Год Малітвы. Таму дзеці для таго прыехалі ў Гродна, каб прыняць удзел у супольнай малітве, каб па-новаму адкрыць каштоўнасць і патрэбу практыкаваць рэгулярную малітву. Уся праграма дня была пераплецена малітвамі, у якіх дзеці прымалі актыўны ўдзел.
IV Дыяцэзіяльны Дзень Дзіцяці распачаў малітваю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які заахвоціў дзяцей да шчырай размовы з Богам. Іерарх падкрэсліў патрэбу праводзіць дыялог з Богам, Які заўсёды з’яўляецца адкрытым і гатовым да размовы. Пра патрэбу малітвы казаў таксама падчас канферэнцыі духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Валерый Быкоўскі. Роля малітвы, якая патрэбна чалавеку як святло і цяпло, была падкрэслена і ў тэатральных пастаноўках. У праграме сустрэчы было мноства розных неспадзяванак, прыгытаваных для дзяцей. Кожнае дзіця магло прыняць удзел у творчай майстэрні, дзе мела магчымасць маляваць, клеіць, ляпіць, выразаць і г. д. Не было недастачы і ў салонах прыгажосці, дзе аніматары рабілі дзецям прычоскі. Самым папулярным атракцыёнам сталі батуты, на якія дзеці стаялі ў чарзе нават не па некалькі хвілін. Для тых, хто любіць спорт, былі падрыхтаваныя спецыяльныя спартыўныя спаборніцтвы. Падчас Дыяцэзіяльнага Дня Дзіцяці ў вачах усіх дзяцей можна было бачыць радасць, а таксама прыгажосць іх дзіцячай душы. Можна было захапляцца шчырасцю і адкрытасцю дзяцей, якія былі лагодныя і добразычлівыя адзін да аднаго. У чымсьці яны былі падобныя да першых хрысціянаў, пра якіх казалі: “паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго”.
Шмат дзяцей прыехала, каб падзякаваць Богу за дар Першай Святой Камуніі, якую ўпершыню яны прынялі ў гэтым годзе. Таксама тут прысутнічалі і міністранты, якія кожны дзень у сваіх парафіях служаць пры алтары Пана Бога, дапамагаючы сваім святарам.
Кульмінацыйнай кропкай свята дзяцей была ўрачыстая Святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп гродзенскай дыяцэзіі Юзaф Станеўскі. У сваёй гаміліі біскуп заахвоціў дзяцей сузіраць свет вачыма веры, каб спазнаць яго прыгажосць. Таксама іерарх прасіў дзяцей, каб заўсёды былі ўдзячныя сваім бацькам і блізкім за прыклад веры і малітвы. Сустрэча дзяцей у Гродне скончылася карнавалам. На працягу дня кожны ўдзельнік сустрэчы рыхтаваў сабе маску, якую потым апрануў. На карнавале ўсе спявалі і танцавалі і гэтую радасць не змог адабраць малы цёплы дождж, які пачаў сыпаць у другой палове дня.
На канец сустрэчы арганізатары прыгатавалі для ўсіх дзяцей некалькі неспадзяванак. На сцэну прынеслі вялізарны торт, яго ж унясенне суправаджалася феерверкамі. Біскуп Юзаф Станеўскі быў запрошаны, каб раздзяліць торт паміж дзецьмі, каб кожны мог яго паспрабаваць.
Свята дзяцей скончылася. Усе злёгку замучаныя, але радасныя вярталіся да сваіх дамоў, якія знаходзяцца нават за некалькі соцен кіламетраў. Вярталіся, каб там іншым распавесці пра сустрэчу, каб распавесці, што чалавеку патрэбна малітва; без малітвы чалавек будзе слабы і ўбогі, будзе як падарожнік без мэты, як той, хто змагаецца без надзеі на перамогу.
кс. Юрый Марціновіч, арганізатар Дыяцэзіяльнага Дня Дзіцяці
|