Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзесяць хвілін для святара: адбылася сустрэча членаў малітоўнага руху «Маргарытка» ў Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.06.2014 13:55

У Тракелях 31 мая прайшла першая агульная сустрэча членаў малітоўнага руху за святароў «Маргарытка» ў Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтую сустрэчу зладзіў кс. Валерый Быкоўскі — духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі і апякун «Маргарытак».

Сустрэча пачалася рэгістрацыяй усіх, хто прыбываў з розных парафій Гродзенскай дыяцэзіі. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх нагадаў пра значэнне малітвы, падзякаваў за малітву і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Праграма, якую праводзіў кс. Валерый Быкоўскі, складалася з канферэнцый, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітвы за святароў. Імшу ўзначальваў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх падкрэсліў, наколькі дапамагае малітва, і падзякаваў за тое, што вернікі моляцца за яго. Таксама падчас Імшы новыя члены руху склалі абяцанні малітвы.

На заканчэнне сустрэчы гурт з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне зладзіў канцэрт.

Усяго ў сустрэчы прыняло ўдзел 300 чалавек з 19 парафій.

«Маргарытку» — своеасаблівую форму пажыццёвай малітвы за святароў - прывезлі ў верасні 2004 года ў Гродна з Польшчы свецкія францішкане. З 4 кастрычніка 2004 г. ужо з'явіліся першыя групы жадаючых маліцца. Рэалізуючы сваё пакліканне, свецкія францішкане пачалі ствараць «Маргарыткі» ў сваіх супольнасцях па ўсёй Беларусі. З таго часу да мая 2013 года было заснавана каля 250 «Маргарытак». У чэрвені 2013 года пры парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне групы «Маргарытак» пачалі стварацца асабліва актыўна. На сённяшні дзень рэгістрацыяй займаюцца свецкія францішкане с. Аліна Куроўская і с. Лілія Барысюк. З 29 чэрвеня 2013 года да 31 мая 2014 года было заснавана 169 «Маргарытак» за 115 святароў.

У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі рух «Маргарытка» пачаў актыўна дзейнічаць з 2006 года. Рухавіком гэтага працэсу сталі рэдакцыя часопіса «Авэ Марыя» і Легіён Марыі. Таксама шмат «Маграрытак» з'яўляецца ў многіх парафіях і іншых дыяцэзіях па ініцыятыве саміх вернікаў.

Жадаючыя далучыцца да апостальскага руху «Маргарытак» могуць зарэгістравацца па наступных кантактах:

  • С. Аліна Куроўская 8 (029) 8804170; хатнi 8 (0152) 772657
  • С. Лілія Барысюк 8 (029) 8873901; хатні 8 (0152) 766545

С. Марыя Этоль OFS

Глядзі таксама:

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.