Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Суботніках завяршыў сваё душпастырскае служэнне кс. Францішак Галдысь
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.06.2014 17:28

31 мая падчас свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі парафіяльная супольнасць Св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) развіталася са сваім душпастырам — кс. Францішкам Галдысём TChr. Святар пасля 18-ці гадовай службы ў парафіі па прычыне здароўя прыняў рашэнне скончыць сваю працу ў Беларусі і вярнуцца ў Польшчу.

Урачыстае развітанне праводзіў дапаможны біскуп гродзенскай дыяцэзіі Юзaф Станеўскі, які ад імя біскупа Аляксандра Кашкевіча падзякаваў рупліваму святару за доўгі перыяд працы у гродзенскай дыяцэзіі, за важкі ўклад у развіццё мясцовага касцёла. На развітанне прыехалі субраты з Таварыства Хрыстусоўцаў, якія служаць на Беларусі і святары з Іўеўскага дэканату. Выказаць словы ўдзячнасці для кс. Францішка прыбылі шматлікія парафіяне і проста людзі добрай волі з дэканату і больш аддаленых месцаў.

Урачыстую святую Імшу падзякі за служэнне святара праводзіў біскуп Юзаф Станеўскі, які ў гаміліі падкрэсліў актыўную дзейнасць святара Францішка Галдыся на карысць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На працягу шматлікіх год ён падрыхтоўваў выхаванцаў семінарыі да дыяканскага пасвячэння, а дыяканаў да прэзбітарскага пасвячэння, праводзячы спецыяльныя рэкалекцыя перад пасвячэннем. У сваёй гаміліі іерарх таксама падкрэсліў вялікую патрэбу ў малітве аб пакліканнях да служэння ў Касцёле, адзначаючы пры гэтым, што маліцца ў гэтай інтэнцыі трэба усёй сям’ёй.

Напрыканцы Святой Імшы прагучала падзяка ў адрас святара. Вернікі парафіі падкрэслілі вялікі ўклад ксяндза Францішка ў развіццё парафіі. На працягу 18 год ён агортваў клопатам усе сем’і парафіі, моладзь і дзяцей, пад асаблівай апекай у яго былі хворыя і адзінокія, таксама ён памятаў пра тых, хто патрабаваў дапамогі.

Як заўважаюць самі парафіяне, развітанне з такім добрым душпастырам з’яўляецца сапраўды смуткам. Аднак іх радуе духоўнае багацце, якое ксёндз Францішак пакідае ў сэрцах вернікаў. Глыбіня святарскага сведчання і малітвы застануцца ў суботніцкай парафіі і мясцовасці назаўсёды і будуць прыносіць плады ў будучыні.

Кс. Сяргей Ангур TChr, (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.