Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Харызматык з Уганды а. Джон Башабора наведаў Ліду
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.06.2014 15:28

8 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Гродзенскую дыяцэзію наведаў сусветна вядомы харызматык з Уганды (Афрыка) а. Джон Башабора. Па запрашэнні кс. Чэслава Паўлюкевіча святар правёў рэкалекцыі ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі. Айцец Башабора пабываў таксама ў Лідзе, куды яго запрасіў пробашч парафіі Святой Сям’і кс. Юзаф Ганьчыц.

Перад лідскім касцёлам сабралося каля 12 тысяч чалавек. Малітоўная сустрэча пачалася гімнам да Духа Святога “Veni Creator” і супольным Ружанцам, затым парафіяльны хор руху “Gloriоsa Trinita” праслаўляў Бога спевам.

У Імшы прынялі ўдзел больш за 30 святароў. У гаміліі а. Джон Башабора распавёў аб Святым Духу і Яго моцы, з якой Ён спасылае свае дары на ўдзельнікаў урачыстасці Пяцідзясятніцы, што сабраліся на падворку касцёла Святой Сям’і.

Святар выказаў удзячнасць уладам за магчымасць наведаць Беларусь. Госць з Уганды распавёў аб прычынах духоўных і фізічных хвароб, якія, па яго словах, паходзяць ад недахопу прабачэння сваім бліжнім, заклікаў вернікаў заўважыць адзін аднаго, пазнаёміцца, называць сваіх суседзяў “брат”, “сястра”, казаць ім, што Езус любіць іх такімі, якія яны ёсць.

Малітоўная сустрэча завяршылася заклікам аб спасланні Святога Духа на прысутных і індывідуальным благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Ксёндз Юрый Гурскі распавёў, што падчас Эўхарыстыі і адарацыі было шмат фізічных і духоўных аздараўленняў: напрыклад, паралізаваны мужчына пачаў хадзіць, хворая на рассеяны склероз жанчына адчула сілу і без дапамогі маці ўстала на ногі.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.