«На сустрэчы прысутнічаў асаблівы Дух Радасці, аб якім прасіў а. Джон Башабора»: фотарэпартаж з Росі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.06.2014 18:10 |
6-7 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Пана Езуса Журботнага ў Росі правёў рэкалекцыі знакаміты харызматык з Уганды а. Джон Башабора. Удзел у рэкалекцыях прымалі вернікі як з Беларусі, так і з-за мяжы. Айцец Башабора тлумачыў прычыны духоўных і фізічных хвароб, якія можа сустрэць чалавек. Святар падкрэсліў, што ўсе яны паходзяць перадусім з таго, што чалавек не можа прабачыць свайму брату. Сусветнавядомы харызматык заахвочваў усіх адкрыцца на іншага чалавека, каб заўважыць свайго брата ці сястру, якіх Хрыстус штодзённа пасылае, адкрыцца на Святога Духа, аб заступніцтве якога трэба заўсёды прасіць і які павінен заўсёды весці чалавека.Трэба адзначыць, што падчас гэтых рэкалекцый а. Башабора "паставіў на калені" натоўпы прыбыўшых людзей. Вернікі прыступілі да сакрамэнту пакаяння, які ўдзялялі дзясяткі святароў. Многія ў чарговы раз адкрыліся на Божую ласку. Як падкрэсліў сам а. Башабора, гэта не ён аздараўляе чалавека, але гэта робіць Уваскрослы Бог. Каб чалавек мог атрымаць духоўнае ці фізічнае аздараўленне, на думку рэкалекцыяніста, умовай з’яўляецца вера, адкрыццё на Божую дзейнасць і размяшчэнне Бога на першым месцы ў сваім жыцці. Сваім досведам наведвання рэкалекцый дзеляцца ўдзельнікі: Кацярына Кузняцова: «Я ехала на сустрэчу без асаблівага жадання, але, каб пабыць разам у супольнасці вернікаў і аднавіць тыя праўды, якія ўжо ведала раней. І так атрымалася. Для мяне там не было нічога новага, але было самае важнае. Я магла паразважаць над галоўнай мэтай жыцця, якой з’яўляецца — неба. Самая важная думка, якая засталася са мною, заключаецца ў тым, што мы павінны імкнуцца да Неба. Я яшчэ раз усвядоміла, што варта жыць, нібыта трэніруючыся для Нябеснага Валадарста». Віктар Місан: «Я не ехаў за ўражаннямі, бо ехаў проста на малітву, так як у штодзённым жыцці яе недастаткова. Час паездкі я аддаў на малітву і атрымаў шмат, і ад гэтага я шчаслівы. Тое, як праводзіў сустрэчу а. Башабора, вельмі збліжала людзей, мне гэта паказала, што хрысціянства не толькі маё. Гэтыя рэкалекцыі былі хоць і кароткія, але вельмі інтэнсіўныя. І я бачыў людзей, якія перамяняліся. Айцец-рэкалекцыяніст не сказаў нічога новага, але проста казаў паводле Бібліі. Асабіста для сябе падчас рэкалекцый я прыняў рашэнне глыбей пазнаваць Святое Пісанне». JM, AYU |
Фотарэпартаж |