Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, 8 чэрвеня, у Шылавічах святкавалася 100-годдзе парафіяльнага касцёла Найсвяцейшай Тройцы. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, падчас яе каля 200 вернікаў, большасць якіх складала моладзь, атрымалі сакрамэнт канфірмацыі.
У свяце ўдзельнічалі прадстаўнікі законных супольнасцяў, якія служаць у Шылавічах: міхалітаў — Генеральны вікарый а. Рышард Анджэеўскі і Генеральны эканом а. Ежы Сасіньскі з Марэк, а таксама Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці — дэлегацыя з васьмі сясцёр з Варшавы; прадстаўнікі дзяржаўнай улады з Ваўкавыска і Шылавіч. Прыбыла таксама група італьянцаў з арганізацыі „Centro Misionario in Persiceto” з Балоніі, якая каля 20 гадоў падтрымлівае парафію ў Шылавічах. Падчас Імшы яны былі ўзнагароджаны медалём „Benemerenti” за асаблівы ўклад у развіццё міхаліцкай справы.
У працэсіі з дарамі сярод іншых былі прынесеныя старыя малітоўнікі – як сімвал перададзенай у спачыну веры, келіх, выраблены некалькі дзесяцігоддзяў таму, які адна парафіянка таемна захавала, і альбом з ілюстрацыямі святыні на працягу апошніх ста гадоў.
Пасля Эўхарыстыі на пляцоўцы каля касцёла адбылося парафіяльнае свята, якое працягвалася да позняга вечара. Свята ўключала спевы і танцы, дзіцячыя спектаклі, дзясяткі конкурсаў, латарэю. Таксама прысутныя госці маглі даведацца пра гісторыю парафіі, аглядаючы выставу з некалькіх соцен фотаздымкаў, размешчаных на дошках каля святыні.
Парафія ў Шылавічах паўстала ў сярэдзіне ХVI стагоддзя. Цяперашні касцёл, неагатычную святыню з адной вежай, пачалі будаваць ў 1907 годзе дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Казіміра Станёніса на ахвяры парафіян. Будаўніцтва было завершана ў 1914 г. Касцёл мае ў аснове прамавугольны будынак з трансэптам і пяцікутнай апсыдай з вялікай, 55 метраў у вышыню, вежай-званіцай.
Падчас І Сусветнай вайны святыня была моцна пашкоджана. У 1927 годзе скончылася яе рэстаўрацыя. Перад ІІ Сусветнай вайной колькасць вернікаў парафіі складала больш за 5000 асоб. Пасляваенныя камуністычныя пераследаванні верных не абмінулі гэтую парафію. У 1958 г. касцёл зачынілі, у святыні было размешчана збожжасховішча, затым – магазін цэменту і хімічных рэчываў, майстэрня па рамонту трактароў. Плябанія была знішчана, не захавалася і капліца на могілках. Знішчана была таксама агароджа касцёла разам з брамай. Святыню вярнулі парафіянам у 1989 г. і адразу распачалі рэстаўрацыю пад кіраўніцтвам пробашча а. Мар’яна Хамені. У парафіі з 1992 г. служаць сёстры з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці.
(AG)
|