Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі наведаў маладую парафію Святога Духа ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.06.2014 13:44

8 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, парафія Святога Духа ў Гродне адзначала патранальнае свята. Маладую парафію, да якой належаць мікрараёны Альшанка і Фабрычны, наведаў у гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Тытул парафіі і касцёла, па словах пробашча кс. Паўла Салабуды, быў выбраны са згоды біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, каб Дух Святы асвячаў і ўзмацняў веру парафіі, а таксама каб у горад зноў вярнуўся касцёл пад такой назвай. У 1550–1820 гадах у Гродне існаваў касцёл Святога Духа са шпіталем, які знаходзіўся на месцы сённяшняга будынка адміністрацыі Ленінскага раёна па вуліцы Савецкая. У 1820 г. касцёл быў разабраны.

Па запрашэнні кс. Паўла Салабуды ў парафію разам з біскупам Юзафам Станеўскім прыбылі выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне - кс. Віталій Сідорка, прэфект семінарыі, і кс. Валерый Быкоўскі, духоўны айцец семінарыі, - і віцэ-афіцыял біскупскага суда кс. Павел Урбан.

Гасцей прывіталі дзеці і моладзь, папрасіўшы, каб біскуп памаліўся аб усёй парафіі, а асаблівым чынам аб атрыманні пляцу пад пабудову новай святыні. Імша адбылася пры капліцы, якая знаходзіцца ў новым мікрараёне горада.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што, як у Вячэрніку зарадзіўся Касцёл, так сёння нараджаецца малады касцёл у гэтых новых мікрараёнах горада. Іерарх нагадаў вернікам аб асаблівым уплыве Духа Святога, а заахвочваючы да малітвы, падкрэсліў, як шмат Божых ласкаў можна атрымаць праз Духа. Біскуп заклікаў адважна вызнаваць сваю веру, радавацца і жыць Евангеллем, а прыгадваючы савецкія часы, калі вернікі ездзілі ў Маскву, каб вярнуць касцёлы, папрасіў нястомна маліцца і мець адвагу, каб быць вернымі Богу. На заканчэнне іерарх заахвоціў маладыя сем’і выхоўваць дзяцей у веры і любові да Бога.

На завяршэнне Імшы адбылося чэрвеньскае набажэнства, а таксама прагучала шмат цёплых слоў у адрaс гасцей і ўсіх парафіян. Ксёндз Павел Салабуда, пробашч парафіі, адзначыў, што “прысутнасць біскупа і святароў для гэтай зямлі – вялікае благаслаўленне, якое асвячае кожнага з нас і здзяйсняе цуды”. Пасля Імшы да біскупа падышлі дзеці, якіх іерарх благаславіў і якім раздаў выявы святых.

Паводле grodnensis.by

(AG)

 

Фота grodnensis.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.