Сакрамэнт канфірмацыі атрымалі вернікі Смаргоні (+фота) |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.06.2014 19:09 |
15 чэрвеня вернікі парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні атрымалі сакрамэнт канфірмацыі, які ім удзяліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Да сакрамэнту хрысціянскай сталасці прыступілі 110 чалавек. Сакрамэнт канфірмацыі абавязвае ўсіх, хто яго прымае, да адважнага вызнавання і абароны веры, а таксама да апостальства ў сваім асяроддзі, абвяшчэння, што Езус з’яўляецца нашым Панам і Збавіцелем, пра што нагадаў кандыдатам біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі. Звяртаючыся да маладых людей, біскуп сказаў: “Касцёл чакае ад вас таго, што вы будзеце бараніць веру, што будзеце распавядаць іншым пра тое, чым жывяце, – гэта і будзе вашае сведчанне для свету. Сёння моладзь не хоча слухаць дарослых, тых, хто яе навучае. Але яна адкрыта на сваіх аднагодкаў. Таму не бойцеся быць сведкамі Хрыста ў сваім асяроддзі! Кожны дзень кажыце іншым пра Езуса! Кажыце пра Яго любоў! Не марнуйце тыя дары Духа Святога, якія атрымоўваеце!” Падчас Імшы спяваў музычны гурт “Рыбы” пад кіраўніцтвам айца Міхаіла Цвячкоўскага з Жодзіна. |
Фотарэпартаж |