Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адкрылася VI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.06.2014 15:34

16 чэрвеня ў Гродне адкрылася VI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Парафіяда, якая завершыцца 19 чэрвеня, праходзіць пад дэвізам “Радасць Евангелля”, на яе прыбылі больш за 400 удзельнікаў з 29 парафій дыяцэзіі. Па традыцыі дзяцей і моладзь прымае парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

к“Найважнейшае – не перамога, а ўдзел” 

 

Ксёндз Артур Малафей, галоўны арганізатар парафіяды, адзначае: “Найважнейшае – не перамога, а ўдзел”. Святар заахвоціў маладых людзей да таго, каб яны не толькі ў гэтыя дні, але заўсёды кіраваліся гэтым прынцыпам. Па словах кс. Артура Малафея, сам прыезд на гэтую сустрэчу, дзе прысутнічае шмат маладых вернікаў з розных куткоў дыяцэзіі, - вялікая ласка, таму што такім чынам удзельнікі могуць пазнаёміцца, духоўна ўзбагаціць адзін аднаго, а найперш дзяліцца радасцю, да чаго з моманту свайго абрання на Святы Пасад часта заклікае Святы Айцец Францішак.

Вялікая радасць удзельнікаў адчувалася і падчас адкрыцця парафіяды: гэта бачна было па вясёлых вачах, усмешцы на тварах.

Падчас парафіяды маладыя вернікі імкнуцца спалучыць спорт і культуру з верай, каб такім чынам паказаць, што хрысціянін адначасова дбае пра сваё фізічнае здароўе, любіць спорт, які прыносіць чалавеку радасць і задавальненне. Таксама парафіяда нясе думку, што той, хто хоча называцца вучнем Хрыста, карыстаецца прыгожай мовай, шануе культурную спадчыну, жадае зрабіць свой уклад у развіццё культуры і праз тэатральную пастаноўку адлюстраваць дабрыню і любоў Бога да кожнага чалавека.  
 
“Чалавек шукае радасці” 

 

Сустрэча дзяцей і моладзі, якія на працягу гэтых дзён будуць праз малітву, спартыўныя спаборніцтвы і тэатральныя пастаноўкі праслаўляць Бога, пачалася ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч з удзелам святароў з Гродзенскай дыяцэзіі і з-за мяжы.

У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі паразважаў над дэвізам сёлетняй парафіяды. Як адзначыў святар, “чалавек шукае радасці, ён нарадзіўся для радасці, радасць упісана ў яго сэрца, кожнае сэрца хоча радавацца”. Па словах святара, крыніцай радасці з’яўляецца Бог, сама радасць – другі плён Духа Святога пасля любові, пра што гаворыцца ў Пасланні св. апостала Паўла да Галатаў, і на гэтай парафіядзе можна “адкрыць радасць, адкрываючы ўласныя таленты, а Айцец гэтых талентаў – Пан”.

Ксёндз Раман Катлімоўскі дадаў, што не можа быць радасці хвіліннай, а таксама што “радасць мы павінны несці бацьку, маці, сваёй парафіі, кожнаму чалавеку, якога сустракаем, тым, якія пакутуюць, якія сумуюць”. Святар заахвоціў удзельнікаў дзяліцца радасцю веры ў Бога.

Напрыканцы літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў важнасць такіх мерапрыемстваў, як парафіяда, якія ўзбагачаюць маладога чалавека духоўна, інтэлектуальна і фізічна і служаць вялікай дапамогай у развіцці асобы.

Гонар адкрыць VI Парафіяду дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі меў кс. Томаш Ольчак SchP, прэзэс Таварыства Парафіяды імя св. Юзафа Каласанса ў Варшаве (Польшча). Напрыканцы Імшы да алтара былі прынесены сцяг парафіяды, прысутныя прамовілі прысягу ўдзельніка парафіяды.

”Святыня – тэатр – спорт” 

 

Парафіяда праходзіць на падставе трыяды: “святыня — тэатр — спорт”. Святыня займае асаблівае месца ў гэтым мерапрыемстве, бо кожны дзень распачынаецца там у імя Бога. Гэтая частка праграмы парафіяды ўзмацняе веру ўдзельнікаў, бо, акрамя святой Імшы, уключае супольную ранішнюю малітву, разважанне над Божым словам, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Кожны дзень завяршаецца рахункам сумлення і марыйнай малітвай.

Элемент «тэатр» дазваляе дзецям і моладзі выявіць свае артыстычныя здольнасці праз паказ невялікіх тэатральных прадстаўленняў. Элемент «спорт» дае магчымасць адпачыць, удзельнічаючы ў разнастайных спартыўных спаборніцтвах.  

У наступныя дні парафіяды маладыя вернікі будуць удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах па футболе, валейболе, настольным тэнісе, бадмінтоне, кіданні мяча, бегу, скачках у даўжыню з разбегу, шашках. У гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля яны будуць праяўляць свае веды ў біблійным конкурсе, конкурсе ведаў з гісторыі і жыцця Касцёла, тэатральным прадстаўленні, песенным конкурсе «Sacro Song», конкурсе песні «Музыка — маё жыццё», конкурсе пластыкі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч выражае надзею, што гэтая прыгожая сустрэча маладых людзей у святыні, на стадыёне і ў тэатры “прынясе добры плён у постаці сапраўды хрысціянскага жыцця”.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.