Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чарговы дзень VI Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі: «Паглыбляючыся ў жыццё цела, мы вучымся таму, чым з’яўляецца жыццё душы» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
18.06.2014 13:27 |
17 чэрвеня, чарговы дзень VI Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, удзельнікі распачалі святой Імшой у гродненскім парафіяльным касцёле Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую цэлебраваў віцэ-канцлер гродзенскай курыі Антоній Грэмза. У Святым Пісанні Новага Запавету знаходзяцца тэксты, якія заахвочваюць хрысціянаў да зацікаўлення бегам, што разумеецца як спартыўная дзейнасць, якая дапамагае растлумачыць некаторыя аспекты духоўнага жыцця, асноўныя праўды нашага рэлігійнага жыцця. «Ці не ведаеце, што на стадыёне бягуць усе бегуны, але ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць яе. Кожны спаборнік вытрымлівае ўсё: толькі тыя, каб атрымаць знішчальны вянок, а мы — незнішчальны. Таму я не бягу так, нібы бязмэтна, не змагаюся так, нібы б'ючы паветра; але я суровы да свайго цела і знявольваю яго, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца няздатным». (1 Кар, 7, 24-27) У Хрысце мы знаходзім дарогу для выканання жыццёвых заданняў і ідэал, каб пераўзыходзіць сябе, бо Хрыстус — «Дарога, Праўда і Жыццё» (Ян 14, 6). Менавіта таму маладыя людзі, якіх прыехала ў Гродна 400 асоб з 29 парафій гродзенскай дыяцэзіі выказалі вялікую зацікаўленасць спортам, які павінен падрыхтаваць маладога чалавека да сталага перажывання каштоўнасцей, якія суправаджаюць яго ў жыцці. Клопат пра духоўнае жыццё і ўдасканаленне свайго цела могуць узаемна ўзбагачаць. Аднолькавыя рысы паміж спортам і духоўнасцю становяцца як маяк для асоб духоўных і спартсменаў. Да іх належыць трэніроўка волі, адпаведны стыль жыцця, размеркаваныя трэніроўкі злучаныя з хвілінамі адпачынку, сапраўдная настойлівасць з духам пакоры. Святы Ян Хрызастом казаў: «Паглыбляючыся ў жыццё цела, мы вучымся таму, чым з’яўляецца жыццё душы». Хацелася б верыць, што удзельнікі VI Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі дзякуючы спартыўным спаборніцтвам падчас сустрэчы ў Гродне сапраўды навучацца таму, «чым з’яўляецца жыццё душы».
Кс. Юрый Марціновіч, (AYU)
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.