Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу ў трэці дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.06.2014 15:08

Трэці дзень VІ Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, 18 чэрвеня, пачаўся Імшой у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Імшу для ўдзельнікаў парафіяды ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі, звяртаючы ўвагу на элемент “тэатр”, якому прысвечаны трэці дзень парафіяды, біскуп адзначыў, што тэатр, гульня на сцэне, могуць дапамагчы ўбачыць прынцыпы, пра якія кажа Святое Пісанне.

“Тэатр можа нам дапамагчы ўбачыць прынцыпы, паводле якіх мы павінны жыць, можа нам дапамагчы быць самімі сабой, быць тымі, якія мы ёсць, - сказаў іерарх. - Любіць чалавека азначае прыняць яго такім, які ён ёсць. Калі я прыму сябе такім, які я ёсць, і іншага чалавека такім, якім ён ёсць, то ўсе жыццё буду шчаслівы”. “Без любові да сябе мы ніколі не будзем любіць іншага”, - дадаў віцебскі ардынарый.

Іерарх адзначыў таксама, звяртаючыся да дзяцей і моладзі, што далёка не заўсёды кнігі і фільмы, якія прапаноўвае свет, абвяшчаюць евангельскія прынцыпы, і “трэба заўсёды заставацца людзьмі веруючымі”, таму што “тады мы зможам ісці той простай дарогай да збаўлення, якую прапаноўвае Хрыстус”.

Біскуп пажадаў удзельнікам парафіяды заўсёды “заставацца самімі сабой”, бо кожны з іх – “унікальнае Божае стварэнне”, і імкнуцца жыць так, каб “сваім пакліканнем несці хвалу Богу”.

Галоўны арганізатар парафіяды кс. Артур Малафей падзякаваў іерарху за цэлебрацыю Імшы і за зацікаўленасць гэтым мерапрыемствам. Моладзь уручыла біскупу бэйджык удзельніка парафіяды.

На працягу гэтага дня дзеці і моладзь будуць удзельнічаць у конкурсах ведаў пра Касцёл, Святое Пісанне, конкурсах песні, малюнка і іншых.

(AG), (JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.