19 чэрвеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне завяршылася VI Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. На цырымонію закрыцця парафіяды прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які ўзначаліў Імшу і ўручыў узнагароды пераможцам.
У гаміліі іерарх адзначыў: “Спаборніцтвы, сумесная малітва, тэатральныя таленты, веды - гэта тое, што фарміруе ў нас дары, падараваныя кожнаму Панам Богам. Не трэба засмучацца з таго, што не ўсе змаглі заняць першыя месцы. Нам патрэбна навучыцца прымаць свае месцы”.
“Перш за ўсё важна тое, што ў парафіядзе кожны з вас змог спраўдзіць свае сілы, - дадаў гродзенскі ардынарый. - Парафіяда - гэта магчымасць лепей пазнаць свае таленты і здольнасці. Варта паразважаць над тым, што я ў будучыні змагу зрабіць лепш”.
Іерарх адзначыў, што ў гэты дзень, урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, “Касцёл запрашае развіваць свае таленты, аддаючы пашану Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце”. “Памнажэнне Божых дароў у нас хутчэй будзе адбывацца тады, калі мы будзем часта знаходзіцца ў прысутнасці Пана Езуса, які чакае нас падчас святой Імшы і адарацыі”, - дадаў біскуп.
Іерарх пажадаў удзельнікам парафіяды “заўсёды атрымліваць перамогу над грахом і страхам з дапамогай веры”, падкрэсліўшы, што “вера ў Хрыста, у Яго сілу, у Яго жывую прысутнасць у Эухарыстыі” дасць “упэўненасць духоўнай перамогі”. “Запрашайце часта Хрыста ў свае жыццё! Гаварыце Яму: "Езу, я запрашаю Цябе, прыйдзі да мяне!"”, - заклікаў біскуп.
Напрыканцы літургіі ўдзельнікі падзякавалі біскупу за падтрымку ў дыяцэзіі такой ініцыятывы, як парафіяда. Затым у дольным касцёле адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Шмат маладых вернікаў атрымалі медалі за ўдзел у спаборніцтвах, у якіх выяўлялі свае здольнасці і таленты.
Першае месца сёлета, трэці год запар, заняла парафія Святой Тройцы ў Росі, другое — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Тэаліне), трэцяе — парафія Святой Сям'і ў Лідзе.
Таксама ўзнагароды атрымалі пераможцы ў кожным элеменце трыяды «святыня — тэатр — спорт»: у элеменце «святыня» - парафія Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) у Шчучыне, «тэатр» - парафія Святой Тройцы ў Росі, «спорт» - парафія Святой Сям'і ў Лідзе.
На заканчэнне ўдзельнікі падзялілі між сабой вялікі святочны торт. Маладыя вернікі вяртаюцца дадому, заахвочаныя словамі біскупа Аляксандра Кашкевіча “заўсёды атрыміліваць перамогу над грахом і страхам з дапамогай веры” і атрымаўшы чарговы досвед у малітве, спорце, культуры.
Для многіх маладых людзей парафіяда ў Гродне стала своеасаблівай трэніроўкай перад 26-й Міжнароднай парафіядай дзяцей і моладзі, якая 13–19 ліпеня адбудзецца ў Варшаве (Польшча).
Кс. Юрый Марціновіч
|