Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Адказаць на бясконцую Божую любоў нашай чалавечай любоўю»: урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста прайшла ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.06.2014 12:47

19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, калі католікі публічна вызнаюць веру ў прысутнасць Езуса, тысячы вернікаў з усіх парафій горада сабраліся ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне на Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Як заўважыў іерарх на пачатку Імшы, вернікі прыйшлі на гэтую ўрачыстасць, каб нанова перажыць Вялікі чацвер. “Сёння нас запрасіў у святыню сам Хрыстус, укрыты ў постаці хлеба, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце”, - адзначыў гродзенскі ардынарый, дадаўшы, што ў гэты дзень трэба таксама “перапрашаць за нашы грахі і знявагі Бога, які будзе ў табэрнакулюмах нашых святыняў, капліц, як абяцаў сам, да сканчэння свету”.

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў гаміліі звярнуўся ў разважаннях да мінулага, узгадаўшы пра старэйшыя пакаленні, якія ў часы пераследу баранілі веру, “не ўяўлялі сабе жыцця без касцёла, без Эўхарыстыі”. “Нашы продкі вытрывалі, таму што паверылі і даверыліся Хрысту, які сказаў: “Я хлеб жывы, які зышоў з неба”. Яны вытрывалі самі і прывялі нас да спаткання з Тым, каго самі распазналі і прынялі”, - адзначыў біскуп.

Іерарх заахвоціў вернікаў дзякаваць Хрысту за Вялікі чацвер, “каб атмасфера, якая была сярод апосталаў, была таксама і сярод нас”, заклікаў “казаць свету пра прысутнасць Хрыста”, “развіваць веру ў Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце”, бо ў святой Камуніі “мы атрымліваем сілу”.

“Сёння мы прыходзім, каб засведчыць нашу веру, каб запрасіць Хрыста ісці з намі шляхамі нашага жыцця”, - адзначыў біскуп.

Пасля Імшы вернікі Гродна выйшлі на вуліцу ў працэсіі, каб з моцай і адвагай, да якой былі заахвочаны сваімі пастырамі, спяваць: “Хрыстус – наш Кароль і Валадар”. Праз эўхарыстычную працэсію ўшаноўваецца найбольшая таямніца хрысціянскай веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя як рэальная прыстунасць Хрыста ў хлебе і віне. Эўхарыстычныя алтары па традыцыі былі збудаваны каля катэдральнага, пабрыгідскага, пабернардынскага і францішканскага касцёлаў. Музычнае аздабленне ўрачыстасці падрыхтаваў хор „Cantate Domino” з Гродна.

Працэсія завяршылася спевам гімну “Цябе, Бога, праслаўляем” перад францішканскім касцёлам. Вернікі атрымалі благаслаўленне, каб, падмацаваныя Божымі ласкамі, маглі вярнуцца да штодзённых справаў.

На заканчэнне біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў прысутным за чарговае сведчанне веры ў Адзінага Бога, выказаў падзяку ўсім службам горада і ўладам за дапамогу ў правядзенні працэсіі. “Эўхарыстыя – знак бясконцай любові Хрыста да чалавека. Чым больш мы жывем Эўхарыстыяй, гэтым хлебам, які сышоў з неба і дае жыццё свету, тым больш зведваем поўную любові прысутнасць Хрыста ў нашых сэрцах, сем’ях, на працы”, - сказаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што Езус чакае ад чалавека толькі аднаго: “Каб мы хацелі Яго прыняць, адказваючы на Яго бясконцую любоў нашай чалавечай любоўю”.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.