Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Тракелях прайшлі рэкалекцыі руху «Святло-Жыццё»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.06.2014 02:57

20 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч сустрэўся ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях з моладдзю Гродзенскай дыяцэзіі, якая ўдзельнічала ў рэкалекцыях “Аазісу” і належыць да руху “Святло-Жыццё”.

Рух “Святло-Жыццё” – адзін з рухаў аднаўлення Касцёла паводле навучання Другога Ватыканскага Сабору. Ён збірае людзей рознага ўзросту і жыццёвага стану: моладзь, дзяцей, дарослых, святароў, кансэкраваных асобаў, членаў інстытутаў свецкіх вернікаў, а таксама сем’і. Праз адпаведную для кожнай з гэтых груп фармацыю рух выхоўвае сталых хрысціян і служыць аднаўленню Касцёла праз ператварэнне парафій у супольнасці супольнасцяў. Ёсць тры этапы фармацыі ў руху “Святло-Жыццё”: евангелізацыя – катэхуменат - дыяконія. Заснавальнікам руху з’яўляецца Слуга Божы кс. Францішак Блахніцкі, які з першых гадоў душпастырскага служэння звяртаў асаблівую ўвагу на працу ў малых групах, пачынаючы ад Аазісу Божых дзяцей да метаду 15-дзённых рэкалекцый, якія пазней сталі называцца “Аазіс жывога Касцёла”. Такім чынам утварыўся гэты рух.

20 чэрвеня ўдзельнікі рэкалекцый “Аазісу” з Гродзенскай дыяцэзіі перажывалі так званы “дзень супольнасці”. Мэта гэтай сустрэчы – перажыванне таямніцы Касцёла як супольнасці, з’яднанай у Духу Святым. У чаканні гродзенскага ардынарыя моладзь удзельнічала ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, у межах якой быў таксама час на сведчанні.

Кульмінацыйным пунктам дня стала Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, адзначыў, што час рэкалекцый “Аазісу” - гэта для ўдзельнікаў «маленькая вандроўка ў пустыню, у якой я магу адчуць дыскамфорт, а таксама цяжкасці і выпрабаванні, звязаныя з гэтым падарожжам». “На маім шляху можа нараджацца безліч пытанняў, на якія я хацеў бы атрымаць адказы», - дадаў святар.

Згадваючы прызначаны на гэты дзень фрагмент Евангелля: «Езус сказаў сваім вучням: Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё», - святар прапанаваў паразважаць над тым, «што з'яўляецца нашым скарбам». «Езус заахвочвае нас, каб мы збіралі сапраўдныя скарбы. Імі не з'яўляюцца грошы, матэрыяльныя даброты. Да неба мы можам забраць толькі любоў, - падкрэсліў кс. Юрый Марціновіч. – Усё іншае – прамінальнае, як і гэты свет».

“Нашай адзінай мэтай павінен быць Бог”, - адзначыў святар і заахвоціў удзельнікаў рэкалекцый “сапраўды выйсці ў пустыню”, каб пачуць у ёй голас Бога, а калі яны пачуюць гэты голас і пажадаюць увайсці ў «Божую Гасцініцу», важна мець адноўленае сэрца.

Пасля Імшы адбыўся супольны пасілак – агапа. Акрамя таго, удзельнікі рэкалекцый вучыліся яднацца з Хрыстом не толькі праз малітву, але і праз забавы, танцы. У Тракелі з’ехалася шмат маладых вернікаў з навакольных парафій, усім разам ім удалося стварыць супольнасць і ў еднасці перажываць гэты дзень.

Дэвізам рэкалекцый сталі словы назвы Апостальскай адгартацыі Папы Францішка – “Радасць Евангелля”. Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў моладзь кожны дзень уносіць сапраўдную радасць у месцы сваёй вучобы, працы, каб яе маглі адчуць іншыя.  „Хрысціянін – гэта чалавек радасны, той, які прыняў Евангелле і здольны дзяліцца ім са сваімі блізкімі”, - адзначыў іерарх. Біскуп падзякаваў усім удзельнікам рэкалекцый за тое, што яны пажадалі ахвяраваць Богу гэтыя 15 дзён, каб супольна маліцца і пазнаваць Пана, а таксама выказаў падзяку кс. Паўлу Аліскевічу за гэтую прыгожую ініцыятыву ў дыяцэзіі і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне на далейшае развіццё ў ёй руху “Святло-Жыццё”.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.