20 чэрвеня парафія Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах перажывала своеасаблівую Пяцідзясятніцу. У старадаўнім парафіяльным касцёле біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў 39 вернікам сакрамэнт хрысціянскай сталасці – канфірмацыі.
Кандыдаты рыхтаваліся да гэтага дня праз удзел у катэхетычных занятках, Імшах, праз сакрамэнт пакаяння і паяднання. Вітаючы пастыра дыяцэзіі, бацькі моладзі, прымаючай сакрамэнт канфірмацыі, папрасілі аб удзяленні ў ім сямі дароў Духа сваім дзецям, якіх выхавалі ў каталіцкай веры.
У гаміліі падчас Імшы ксёндз Юрый Марціновіч, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, адзначыў: “На падставе пачутых словаў Евангелля можна сказаць, што Хрыстус не толькі паабяцаў сваім вучням Суцяшыцеля, Духа Праўды, якога спашле ім і які будзе сведчыць пра Яго, але адначасова заклікае вучняў, і кожнага з нас, ахрышчанага ў імя Святой Тройцы, каб яны ў моцы Духа таксама былі сведкамі”. Святар дадаў, што, “каб быць сведкам Хрыста, трэба ўзяць гэтага Духа”, але “дар Духа Святога мы не прымаем толькі для сябе: гэты асаблівы дар павінен нам дапамагчы і даць сілы для таго, каб мы маглі быць сведкамі”.
“Сёння Хрыстус гэтыя словы скіроўвае да вас: “Будзьце Маімі сведкамі! У гэтым свеце, які раздзіраюць канфлікты, дзе брат забівае брата, у гэтым свеце, які палае нянавісцю да людзей, будзьце Маімі сведкамі!” - дадаў святар, звяртаючыся да прымаючых сакрамэнт. – Апосталы праз Спасланне Духа атрымалі шмат дароў. Адным з іх было тое, што яны сталі здольнымі прамаўляць рознымі мовамі. Таксама і чалавек, які прымае сакрамэнт канфірмацыі, павінен захацець размаўляць іншай мовай – мовай любові, каб тыя, хто не верыць у Бога, распазнавалі ў нас хрысціян па нашай мове і па канкрэтных учынках”.
Напрыканцы Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч яшчэ раз падкрэсліў важнасць гэтага сакрамэнту, які патрэбны асабліва маладому чалавеку ў штодзённым практыкаванні веры. “Не бойцеся казаць іншым пра Хрыста, сваім прыкладам і апостальскім запалам змяняйце аблічча геранёнскай зямлі”, - заклікаў іерарх.
Біскуп выказаў падзяку пробашчу кс. Сяргею Ангуру TChr за падрыхтоўку моладзі да сакрамэнту. Праз пробашча парафіі, які належыць да Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў і ў хуткім часе завершыць сваё амаль трохгадовае служэнне ў Геранёнах, іерарх падзякаваў таксама Генеральнаму настаяцелю хрыстусоўцаў кс. Рышарду Главацкаму TChr. Гродзенскі ардынарый выказаў надзею, што зерне, якое хрыстусоўцы пасеялі ў глебе чалавечых сэрцаў на гэтых землях, хутка прынясе добры плён, і такога ж плёну ў душпастырскай працы ў ЗША пажадаў кс. Сяргею Ангуру.
(JM)
|