Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першы агульнабеларускі Дзень Еднасці Салезіянскай Сям’і прайшоў у Смаргоні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.06.2014 16:10
«Хто з нас не чуў і не ведае, што хрысціяне павінны жыць у еднасці, супрацоўнічаць і падтрымліваць адзін аднаго асабліва ў цярпеннях?» — гэтыя словы скіраваў кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, вікарый і эканом Рэлігійнай Каталіцкай Місіі «Таварыства св. Фрацішка Сальскага» падчас казання на ўрачыстай Святой Імшы, якой распачалі ўпершыню на Беларусі святкаванне Дня Еднасці Салезіянскай Сям’і.

Пачынаючы з часоў кс. Боско аж да сённяшняга дня, свята Еднасці Салезіянская Сям’я адзначаецца ў дзень нараджэння альбо імянінаў настаяцеля і духоўнага айца пэўнага рэгіёну. Таму на Беларусі гэты дзень святкаваўся 21 чэрвеня ў Дзень нараджэння Рэгіянальнага Настаяцеля Місіі, ксяндза Віктара Гайдукевіча SDB. «Дзень яго нараджэння — гэта знак Божай ласкі для нас, ласкі еднасці, ласкі супольнай малітвы, ласкі супольнага перажывання радасці» адзначыў кс. Аляксандр SDB.

Святкаванне распачалося Святой Імшой, якую ўзначаліў ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Вакол алтара сабраліся ўсе каму блізкі салезіянскі дух: ксяндзы - салезіяне, сёстры - салезіянкі, салезіяне - супрацоўнікі, дзеці і моладзь. Падчас гаміліі кс. Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуў увагу на словы апостала Паўла: «Вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага!» Бо толькі тады еднасць і супрацоўніцтва сярод нас стануць магчымымі, калі яны нараджаюцца ад Духа Святога і калі мы сапраўды навярнемся да Бога і будзем весці жыццё дастойнае дзяцей Божых».

Еднасць праяўляецца не толькі ў супольнай малітве, але і ў супольным святкаванні. Таму другая частка свята была прысвечана спевам, танцам, сцэнкам, якія падрыхтавалі розныя групы з Мінску, Бараўлян, Смаргоні, Дзятлава, Варнян і Жупран. Свята скончылася супольнай малітвай, пасля якой ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB звярнуўся да сабраных з прамовай:
 
«Сёння мы святкуем урачыстасць нашай адзінай, і як я бачу, вялікай Салезіянскай Сям'і. Мы прыехалі з розных куткоў Беларусі і гэта дзякуючы нашаму духоўнаму айцу і настаўніку св. Яну Боско. Менавіта ён яднае ўсіх нас у клопаце пра нашую будучыню – дзецяй і моладзь. У клопаце пра іх выхаванне,  збаўленне іх душаў, асабліва ў сучасным свеце.

Сёння ўся наша надзея, надзея ўсяго Касцёла ўскладаецца на моладзь. Гледзячы на сучаснае пакаленне, можа здавацца, што яно страчанае пакаленне. Але(…), як казаў кс. Боско, — няма дрэннай моладзі. Ён, займаючы пазіцыю сябра, станавіўся айцом, настаўнікам і духоўным кіраўніком: а гэта значыць незаменным ва ўсім сэнсе гэтага слова чалавекам для моладзі таго часу, моцна веручы ў дабро у кожным з іх. (...)

Звяртаючыся да моладзі, прысутнай на свяце Еднасці Салезіянскай Сям'і, кс. Віктар зазначыў:

«Дарагая моладзь. Кожнага з вас, кожнага з нас любіць Бог невымоўнай любоў’ю і кожны з нас выбраны Хрыстом да рэалізацыі свайго паклікання. Ён адорвае нас патрэбнымі ласкамі і талентамі. Кс. Боско казаў, што Бог любіць моладзь таму, што яны маладыя і маюць час на тое, каб чыніць шмат дабра, любіць моладзь, бо яна знаходзіцца ва ўзросце простасці і несапсаванасці злым духам. Таму, дарагая моладзь, паверце і вы у саміх сябе, знаходзьце ў сабе тую крышынку дабра ад Бога, развівайце яе ў сабе і дзяліцеся з іншымі, не разчароўвайцеся і не паддавайцеся жыццёвым цяжкасцям, выкарыстоўвайце дадзены вам Богам час для чынення дабра і з усмешкай на твары ідзіце шляхам святасці… Вось такім няхай будзе наш адказ на любоў Бога праз заступніцства кс. Боско». (...)

А, прамаўляючы да членаў Салезіянскай Сям'і, сказаў:

«Мы як Сям’я кс. Боско пакліканыя да супрацоўніцства ў Касцёле і грамадстве. Мы павінны быць адвакатамі маладых людзей, дзейнічаць як закваска, гэта значыць заўсёды шукаць магчымасці, каб выступаць у абарону маладога чалавека і яго інтарэсаў. Штодзённае сведчанне кожнага з нас павінна быць знакам нашага адзінства і вернасці нашаму Заснавальніку і яго харызме».

Пасля прамовы і благаслаўлення адбыўся супольны абед на падворку салезіянскага Араторыя імя св. Яна Боско.

Уся Салезіянская Сям’я жадае ксяндзу Віктару Божых ласк не толькі на сённяшні дзень нараджэння, але і на ўсе гады жыцця, а ўсім нам еднасці ў здзяйсненні супольнай місіі — жыць згодна з Евангеллем Хрыстовым.

с. Ірына FMA, Юлія Клявец, Ганна Семак, Кацярына Максімовіч


Паводле  sdb.by

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.