21 чэрвеня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе сустрэліся прадстаўнікі Францішканскага закона свецкіх (ФЗС, ці Трэці закон святога Францішка) з усёй Беларусі. На чарговую фармацыйную сустрэчу, якую ўзначальваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прыехала больш за 100 чалавек.
У праграме дня духоўных дачок і сыноў (прысутнічала і некалькі мужчын) была канферэнцыя, якую прачытаў рэгіянальны апякун Францішканскага закона свецкіх а. Антоній Пожэцкі OFMConv. Таксама была Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта і братэрская вячэра.
Кульмінацыйным момантам была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Антоній Кашкевіч. Іерарх цэлебраваў яе ў інтэнцыі развіцця Францішканскага закона свецкіх у нашай краіне. Гамілію падчас святой Імшы прамовіў кс. Юрый Марціновіч, у якой адзначыў, разважаючы на тэму даверу да Бога, што: «Сёння сам Хрыстус кажа нам, каб мы даверыліся Богу, каб даверыліся яго планам, якія для кожнага з нас свае, і шукалі ў Яго слове сэнс жыцця».
Таксама святар дадаў, што «трэба памятаць, што найбольш раніць сэрца Бога — недахоп даверу да Яго.(…)Бог усё можа нам учыніць, бо для Бога няма нічога немагчымага, але зрабіць можа толькі тады, калі чалавек дазволіць Хрыстусу наблізіцца да свайго жыцця, калі дазволіць увайсці ў кожную частку сваёй штодзённасці і толькі тады, калі чалавек ускладзе сваю надзею і давер на Бога. Толькі Ён уладарыць як над нашай будучыняй, так і над нашым сённяшнім днём, а тое, што Ён абяцае нам, не з’яўляецца меншым за тое, што мы атрымаем».
Напрыканцы кс. Юрый заклікаў даверыцца Пану: «даверма Яму свой шлях і Ён сам будзе дзейнічаць».
Пасля святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзяліўся тым, што за сваё святарскае пакліканне ён удзячны маме, якая на працягу шэрагу гадоў належала да Францішканскага закона свецкіх і сваёй малітвай падтрымлівала ўсіх святароў. Таксама іерарх падзякаваў усім духоўным дачкам і сынам святога бедняка з Асіжы за кожную «Вітай Марыю», якая была занесена да трона Бога ў неба ў інтэнцыі святароў усяго Касцёла і прасіў, каб гэтай штодзённай малітвы яны не спынялі.
Кс. Юрый Марціновіч, (AYU)
|