Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ваўкавыску айцы-рэдэмптарысты правялі Святыя Місіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.07.2014 16:08

З 22 па 29 чэрвяня 2014 года ў парафіі святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбыліся парафіяльныя святыя місіі, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты: айцец Андрэй Ядкоўскi CSsR i айцец Валерый Мазюк CSsR.

Гэта быў час,калі ўся парафія змагла наноў адкрыць для сябе Божую любоў, якая ў цяперашні час часта бывае цяжка зразумелая. У панядзелак і аўторак у 16.00 былі адпраўлены Імшы з казаннем для дзяцей, а таксама ў гэтыя дні вечарамі адбываліся сустрэчы з моладдзю.

У аўторак, падчас пакутнага набажэнства, пробашч парафіі прасіў прабачэня ва ўсёй парафіі i ӯ кожнага вернiка з парафii. У многіх на вачах былі слёзы. Кожны з прысутных таксама яднаўся адзін з адным, а ў сваім сэрцы — з Богам.З серады да суботы праводзіліся місійныя споведзі. Кожны дзень айцы-рэдамптарысты прадстаўлялі простымі і зразумелымі словамі шматлікія важныя ісціны, пра якія людзі часта забываюцца.

Надзвычай важным элементам місій былі вячэрнія «Марыйныя заклікі», на якіх аддавалі пашану Маці Божай і прасілі аб яе матчынай апецы для кожнай сям'i і ўсёй парафіі.

У сераду пасля Імшы вернiкi прайшлі Крыжовым шляхам па галоўнай вуліцы парафіі, дзе кожны публічна сведчыў сваю веру і даў прыклад братам і сёстрам нашай парафіі, якія яшчэ не ведаюць Бога. Гэты акт быў не толькі актам веры, але і мужнасці, любові і надзеі. У чацвер кожны індывідуальна падыходзіў да крыжа, які неслі Крыжовым шляхам, каб дакрануцца да яго і прамовіць усім сваім сэрцам: «Ты, Езус Хрыстус, мой Пан!»

У пятніцу адбылося аднаўленне шлюбных абяцанняў. Для многіх пар гэта было вельмі кранальнай падзеяй. Кожная сужанская пара атрымала асабістае благаславенства крыжам місіянера.

У суботу хворыя людзі пасля раняшняй Імшы атрымалі сакрамэнт намашчэння хворых. У гэты ж дзень у 15.00 у касцёле было даволі ажыўлена: шум, смех, часам плач, бо была адпраўлена Імша і ўдзелена благаўленне для матуляў у благаслаўлёным стане і маленькіх дзяцей да 5 гадоў.

У апошні дзень місій у нядзелю падчас урачыстай Імшы ў 13.00, на якой сабраліся парафіяне і шматлікія госці, была пасвечана памятная дошка, якая была замацавана на крыжы, а таксама асвечаны крыжыкі і рэлігійныя рэчы сабраных вернікаў. Таксама адбылося ўшанаванне місійнага крыжа.

Ксёндз-пробашч Алег Дуль і парафіяне падзякавалі місіянерам за праведзеныя святыя місіі. Напрыканцы Імшы айцец-місіянер падзякаваў усім прысутным і вярнуў ксяндзу-пробашчу ключ ад святыні і стулу, як знак заканчэння іх служэння ў парафіі.

Аднак гэта не азначае, што місія была завершана. Наадварот, сёння гэта толькі пачатак місіянерскай дзейнасці ў парафіі.

С.Мурончык.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.