7 ліпеня 2014 г. з Гродна ў санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях вырушыла XVI пешая пілігрымка. У ёй удзельнічаюць каля 200 чалавек з Гродна і ваколіц. Духоўную апеку над пілігрымамі здзяйсняюць сем святароў, адзін брат законны і чатыры сястры законныя, што ўвесь час крочаць разам з вернікамі.
Пілігрымка пачалася Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх даручыў удзельнікам шмат інтэнцый, між іншым – асабліва маліцца аб новых і шматлікіх пакліканнях у дыяцэзіі да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама маліцца за ўсе сем’і, каб у кожнай было месца для Бога.
Гамілію прамовіў кс. прэлат Юрый Лявінскі, які ўжо на працягу некалькіх гадоў пілігрымуе з вернікамі да розных санктуарыяў, а зараз, з прычыны ўзросту, пажадаў даць ім некалькі парадаў на дарогу. Святар нагадаў, што кожная пілігрымка – вялікая ласка ад Пана, і заахвоціў моладзь кожны дзень праз рукі Найсвяцейшай Маці прадстаўляць Богу ўсё тое, што перашкаджае ім спакойна жыць і дзейнічаць. Таксама ксёндз прэлат заахвоціў удзельнікаў пілігрымкі даверыцца на гэты час Богу, які прагне давесці кожнага чалавека да сапраўднага шчасця і даць яму збаўленне.
Вернікаў праводзіў у шлях біскуп Аляксандр Кашкевіч, які частку дарогі ішоў наперадзе пілігрымкі. Перад вернікамі пяць дзён шляху і 150 км.
Наймалодшая ўдзельніца пілігрымкі – Марта, якой год і адзін месяц. Дзяўчынка пілігрымуе са сваёй маці, якая вязе яе ў вазку.
Траса пілігрымкі — Гродна – Азёры – Астрына – Забалаць – Пагародна – Тракелі. У гэтым годзе пілігрымы будуць перажываць рэкалекцыі ў дарозе пад апекай св. Яна Паўла II. Дэвіз пілігрымкі — словы Папы “Даверся любові”. Прадугледжаны разважанні на тэму любові да Бога і чалавека, футбольны матч паміж хлопцамі і святарамі, канцэрт студэнтаў з Нігерыі, хрост над Котрай, аднаўленне шлюбных абяцанняў у Пагародні, канцэрт. Штодзённая малітва ў дарозе і адарацыя крыжа Сусветнага дня моладзі пакліканы ўмацаваць веру кожнага пілігрыма.
Кс. Юрый Марціновіч
|