Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Іўі ўдзелены сакрамэнт канфірмацыі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.07.2014 15:54

6 ліпеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі група моладзі і дарослых вернікаў – агульнай колькасцю 170 чалавек – прыняла сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт удзяліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляецца тым хрысціянам, якія дасягнулі сталасці ў веры і прайшлі адпаведную падрыхтоўку.

Звяртаючыся да тых, хто прыступіў у гэты дзень да канфірмацыі, біскуп у гаміліі адзначыў, што гэты сакрамэнт – вялікі дар, які прымае чалавек. “У ім вы атрымліваеце Духа Святога, які заўсёды будзе вам спадарожнічаць”, - сказаў іерарх.

Кажучы пра спасланне Духа на апосталаў, біскуп заўважыў, што апосталы распавядалі іншым пра Езуса “адкрытым сэрцам”, таму людзі маглі іх зразумець. “Падобная сцэна сёння тут. У вячэрніку іўеўскага касцёла Дух Святы сыходзіць на вас. Моц Найвышэйшага ахіне вас і будзе суправаджаць”, - адзначыў іерарх, дадаў, што з гэтай хвіліны ўсе штодзённыя справы будуць напоўнены для гэтых вернікаў Духам Святым, і заклікаў іх да адвагі, каб яны “абвяшчалі веру так, як апосталы”.

Таксама біскуп заахвоціў прымаючых сакрамэнт карыстацца ў штодзённым жыцці мовай любові, каб іншыя, чуючы іх, маглі прыпыніцца, задумацца, наследаваць іх; каб калегі і знаёмыя пыталіся ў іх: “Чаму твая мова стала іншай?”

На заканчэнне Імшы вернікі, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, паабяцалі перад біскупам і супольнасцю быць з гэтай хвіліны абаронцамі веры, штодзённа развівацца ў ёй і імкнуцца да дасканалага жыцця, падзякавалі святарам, сёстрам законным і ўсім тым, хто рыхтаваў іх да гэтай узнёслай хвіліны.

(JM)   

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.