Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльная ўрачыстасць адбылася ў вёсцы Дубок
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.07.2014 17:10

6 ліпеня ў вёсцы Дубок (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі раён), дзе знаходзіцца капліца Маці Божай Нястомнай Дапамогі, адбылася парафіяльная ўрачыстасць. Адметнасць гэтай вёскі – тое, што ў ёй усяго пяць хат, з улікам дачаў.

Дубок - вёска сярод некранутай прыроды, з правага боку вёску абдымае Вілія, з левага – луг, адразу за вёскай пачынаецца лес.

На паляне перад капліцай сабраліся на малітву вернікі з навакольных вёсак, са Смаргоні, Астраўца, Ашмян і нават з Літвы. У Імшы ўдзельнічалі святары са Смаргоні, Солаў, Вішнева, Астраўца, узначаліў яе кс. Леанард Станкоўскі з Солаў, гамілію прамовіў кс. Юрый Ёдзік, вікарый парафіі ў Смаргоні.

Чаму мы не ведаем спакою? Чаму нам заўсёды не хапае часу, здароўя, грошай, увагі, славы?.. Рупімся, са скуры гатовы вылезці, каб здабыць, каб нешта даказаць сабе самім і іншым, тым, хто навокал, - над гэтым разважаў у гаміліі святар. Ксёндз Юрый Ёдзік дадаў, што Хрыстус запрашае да сябе ўсіх: бедных і багатых, здаровых і хворых, святых і грэшнікаў; не абяцае адарыць багаццем ці славай – падзяліцца з кожным Ён гатовы толькі любоўю. Навучыся любіць, як Езус, бескарысна і поўна – і табе з лішкам хопіць таго, што ты ўжо маеш; прасякніся Божай любоўю – і ўсё іншае адыдзе на другі план, стане другасным, не вартым празмерных высілкаў, - на гэта звярнуў увагу вернікаў святар.

Пасля Імшы адбыўся Крыжовы шлях.

У свяце разам з мясцовымі вернікамі ўдзельнічалі байдарачнікі з Мінска, якія высадзіліся на бераг, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю.

Кожны мог паспытаць вады з крыніцы, што б'е на месцы, дзе, згодна з паданнем, калісьці аб'явілася Маці Божая, абмыць твар пасля амаль чатырохкіламятровага падарожжа па лесе і топкім рачным надбярэжжы, пасля складанага шляху.

Ганна Чакур, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.