Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адзін дзень у пілігрымцы «Гродна-Тракелі»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.07.2014 15:16

Так ужо спрадвеку склалася, што, каб адчуць клімат чагосьці, трэба там проста прысутнічаць. Каб магчы распавесці штосьці іншым, спярша трэба самому гэта перажыць. Каб узбагаціць іншых, трэба самому ўзяць у рукі кнігу і самому здабыць веды.

Падобна і з пілігрымкай. Ніхто да канца не зразумее пілігрыма, калі сам не збярэцца ў дарогу. Ніхто не ў стане зразумець ахвярнасці пілігрымаў, якія, нягледзячы на спякотнае сонца ці заліўны дождж, ідуць наперад, пераадольваючы чарговыя кіламетры.

8 ліпеня я сабраўся ў пешую пілігрымку «Гродна-Тракелі». Гэта ўжо другі дзень, як пілігрымы вырушылі з Гродна. На працягу дня сонца не шкадавала сваіх прамянёў. У пілігрымцы мноства знаёмых твараў — так, гэта нашыя пастаянныя пілігрымы, якія традыцыйна крочаць да розных санктуарыяў. Склалася такое ўражанне, што ў пілігрымцы ўсе становяцца адным цэлым, кожны гатовы падзяліцца апошнім, нават вадой, якую трымае, хаваючы ад сонечных прамянёў, у сваім заплечніку.

Кожны дзень пілігрымкі распачынаецца святой Імшой. У гэты раз Імша была ў парафіяльным касцёле Хрыста Валадара ў Азёрах. Мясцовы душпастыр кс. Пётр, звяртаючыся да жыццяпісу св. Францішка Асізскага, заахвоціў пілігрымаў да зменаў — найперш сябе, а потым свету, каб сваім прыкладам і сведчаннем указваць іншым адну з найпрыгажэйшых дарог — да Бога.

Падчас ранішніх малітваў па дарозе сястра Агата, назарэтанка, заахвочвае ўсіх, хто крочыць да Маці Божай у Тракелях, узяць у свае далоні якуюсьці канкрэтную асобу: ахвяраваць кавалак шляху ў інтэнцыі канкрэтнага чалавека: матулі, таты, сябра, бабулі.


У пілігрымку вырушылі не толькі маладыя людзі. Тут ёсць некалькі ветэранаў, якія штогод пакідаюць усё: свой дом, можа, нават не да канца выкананую працу, і выходзяць у шлях, бо яны вераць, што пілігрымка дае ласкі, дае сілу на чарговы год крочання па жыцці, якое поўніцца абавязкамі, засмучэннямі, радасцю штодзённых спраў. Віктар, адзін з найстарэйшых удзельнікаў, які кожны год ідзе ў некалькіх гродзенскіх пілігрымках, сцвярджае, што для яго гэта як «духоўная зарадка», таму заўсёды з вялікім запалам выпраўляецца ў пілігрымку, бо нават не ўяўляе, што ў гэты час можна займацца іншымі справамі.



На пілігрымскім шляху сустракаеш па дарозе рознае. Практычна на працягу ўсяго дня ты знаходзішся сярод людзей. Каля брата і сястры, бо так у пілігрымцы трэба звяртацца адзін да аднаго. Але апрача «сваякоў» сустракаеш зусім выпадковых людзей, якія прамінаюць пілігрымку. Рэакцыя людзей можа быць вельмі рознай. Адны з узрушэннем вітаюць пілігрымаў. Нават спыняюцца, выходзяць з аўтамабіля, каб памахаць рукою ды папрасіць аб малітве. Іншыя ж, наадварот, нават зачыняюць аўтамабілі, вокны ў іх, і без усялякай змены на твары чакаюць толькі, каб як найхутчэй калона пілігрымаў іх прамінула.

«Здаецца, даў бы гэтаму чалавеку іншае сэрца, каб змог адкрыцца на людзей, на нас», — абмінаючы такіх людзей, кажа ўголас Аліна Крэвіцкая, дарэчы, маці законнай сястры, што ідзе побач са мною.

У рэйсавым аўтобусе «Воранава-Гродна», які мы сустрэлі па дарозе, адна жанчына так радавалася, што ўсім пілігрымам пасылала паветраныя пацалункі. Было бачна, што гэта шчыра, ад сэрца, я падазраю, што калі б яна магла, то выскачыла б з аўтобуса і далучылася да групы…

Самым маленькім удзельнікам пілігрымкі з’яўляецца малая Марта, якая толькі пачала хадзіць. На дадзены момант Марце 1 год і 1 месяц. Да Маці Божай яна найчасцей едзе ў калясцы, але таксама ідзе і на ўласных нагах. Яе суправаджае маці і хросная. Ганна (мама Марты) кажа, што ідзе да Марыі ў інтэнцыі сваёй сям’і. Яна моліцца за мужа, які застаўся дома, бо павінен працаваць. «Увогуле, гэта для мяне не цяжар, але гэта дае мне вялікую радасць ад таго, што я магу падзякаваць Маці Божай за дар мацярынства», — дадае Ганна.



Кожны пілігрым з сабою штосьці нясе. Найчасцей гэта кубак, талерка, лыжка, каб выпадкова не застацца галодным, было з чаго есці… У адных заплечнікі большыя, у іншых — меншыя, бо ў іх маецца штосьці ў запас: яблык, сухары, пернікі, каб падмацавацца на прывале. Пятнаццацігадовы Раман з Начы нясе вялікі заплечнік, які важыць хіба больш за 10 кіліграмаў. Ён кажа, што яму ўсё патрэбна, без гэтага не абыдзецца ў дарозе…

З вялікім запалам і з заплечнікамі маркі «Аdidas», нага ў нагу ідуць чатыры хлопцы — студэнты з Нігерыі. Яны актыўна ўдзельнічаюць у рэлігійным жыцці, а пілігрымка — гэта чарговая магчымасць, каб адчуць блізкасць Бога.

Атмасфера радасці перадаецца ўсім пілігрымам. Ёсць малітвы: традыцыйны Ружанец, Вяночак і Гадзінкі. Канферэнцыя на сур’ёзныя тэмы, падчас якой шмат разоў гучала слова «сэкс». Гэта таксама і час на сведчанні, калі кожны можа падзяліцца сваім перажываннем веры.



Пасля ўсяго дня надышоў час на адпачынак. Дзверы сваіх дамоў і сэрцаў адчынілі вернікі парафіі Св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус ў Астрыне. Гучныя званы з касцёльнай вежы прывіталі ўдзельнікаў пілігрымкі. Добразычлівы кс. Зянон Рамейка, мясцовы пробашч, радасна запрашаў усіх у святыню.

Чарговы кавалак дарогі за пілігрымамі. Да мэты яшчэ крыху. Да пілігрымаў можна яшчэ далучыцца. Яшчэ тры дні дарогі. Ксёндз Павел Салабуда, кіраўнік пілігрымкі, запрашае ўсіх. Калі хтосьці хоча перажыць незабыўныя хвіліны, адчуць сапраўдную радасць і еднасць, то трэба проста там быць. Трэба далучыцца да групы, трэба прайсці пранамсі колькі кіламетраў, трэба проста жадаць гэта зрабіць.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.