Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі на ранішняй Імшы ў Астрыне: «Трэба, каб вы адчулі пакліканне быць пілігрымамі»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.07.2014 12:31

У гэтыя дні да Маці Божай Тракельскай пілігрымуе ўся Гродзеншчына. Пешыя пілігрымкі вырушылі ў Тракелі, каб там у пятніцу вечарам сустрэцца на ўрачыстасцях. Да пілігрымкі, якая выйшла з Гродна, далучаецца дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. 9 чэрвеня іерарх узначаліў ранішнюю Імшу для пілігрымаў у касцёле св.Тэрэзы ад Дзіцятка Езус ў Астрыне.

«Сёння кожны з нас таксама хацеў бы, каб Езус прыйшоў, дакрануўся да нас, аздаравіў, зняў увесь боль мазалёў, каб даў нам радасць, - сказаў біскуп у гаміліі. - Езус Хрыстус прыйшоў не забраць боль і цярпенне, але прыйшоў навучыць нас, як гэты боль і фізічнае цярпенне пераадольваць. Менавіта таму Ён умацоўвае нас духам, дае моц духу».

Па словах іерарха, гэта сам Езус запрасіў кожнага ўдзельніка пілігрымкі ў шлях, звяртаючыся да кожнага па імені: «Ідзі за Мной».

«Вельмі важна, каб падчас пілігрымкі мы ішлі і абвяшчалі свету Евангелле, тое, што наблізілася Божае Валадарства. На працягу гэтых дзён вы асаблівым чынам з’яўляецеся тымі, каго Езус Хрыстус пасылае, каб ісці і абвяшчаць. Гэта вельмі вялікае і адказнае заданне, бо вы з’яўляецеся прадстаўнікамі і парафій, і народаў, і сем’яў, бо вы — выбраныя! Трэба, каб вы адчулі гэтае пакліканне — быць пілігрымам. На дарозе жыцця быць сведкам Езуса Хрыста, быць сведкам Евангелля, сведкам любові», — сказаў біскуп.

Іерарх заахвоціў да малітвы аб новых пакліканнях, каб было шмат тых, хто прыме заклік Езуса. «Хрыстус хоча, каб таксама былі тыя, хто праз усё сваё жыццё будзе абвяшчаць Слова Божае. На сённяшні дзень існуе патрэба ў добрых святарах і сёстрах законных»,— адзначыў біскуп.

Таксама іерарх заахвоціў моладзь маліцца аб сваім пакліканні да служэння Хрысту: «Варта ахвяраваць сваё жыццё. Бог даў нам жыццё праз любоў нашых бацькоў».

Пасля Імшы гродзенская пілігрымка на чале з біскупам Юзафам Станеўскім вырушыла ў шлях.

Кс. Юрый Марціновіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.