Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка на начной Імшы ў Тракелях: «Марыя ўзносіць тут да свайго Сына малітву за нас» (+фотарэпартаж)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.07.2014 02:10

Апоўначы 12 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Сёлета ўрачыстасці ў Тракелях праходзяць 11–12 ліпеня, іх дэвіз — “А пад крыжам Маці стаяла”.

Іерарх нагадаў у гаміліі пра значэнне малітвы – “размовы з Богам”, якая “дапамагае ужо тут, на зямлі, сузіраць Бога, што ўпоўні зведаюць у небе збаўленыя”. Найсвяцейшая Панна Марыя, па словах біскупа, была якраз узорам малітвы, а Яе словы “Велічае душа Мая Пана” ў гімне праслаўлення “з’яўляюцца для вернікаў прыкладам малітвы даверу Пану і праслаўлення Створцы”.

“З розных мясцін мы прыходзім сюды, каб вучыцца такой малітве даверу, - дадаў пінскі ардынарый. – Марыя і тут узносіць да свайго Сына Езуса Хрыста малітву, але ўжо за нас – тых, хто прыйшоў, хто яшчэ ў дарозе, але просім Яе таксама за тых, хто яшчэ не ведае дарогі да Яе”.

Іерарх нагадаў, што разважанні да Маці Божай для святароў напісаў першы біскуп Пінскі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі.

Адзначаючы, што сёлета святкуецца 100-годдзе нараджэння першага кардынала Беларусі Казіміра Свёнтка, біскуп узгадаў, што кардынал усклаў кароны, асвячаныя Папам, на цудатворны абраз у Тракелях. Пінскі ардынарый нагадаў пра марыйную і эўхарыстычную пабожнасць кардынала. “Калі я быў прызначаны ў Мінск, у капліцы заўважыў, што спінка адной лаўкі моцна выцерта, хоць новыя лаўкі былі прынесены не так даўно. Гэта была лаўка кардынала. Нягледзячы на занятасць як Мітрапаліт, адміністратар дыяцэзіі, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, ён знаходзіў час на малітву, аб чым сведчыла тая выцертая спінка лаўкі, - распавёў біскуп. - Малітоўная лучнасць з Езусам і Яго Маці Марыяй дапамагала яму з аптымізмам ісці па жыцці як чалавеку і святару”.

“Марыя слухае нашыя малітвы, а шматлікія цуды сведчаць аб Яе заступніцкай малітве”, - падкрэсліў іерарх. Біскуп пажадаў усім прысутным вернікам, каб санктуарый у Тракелях быў для іх месцам, дзе яны знойдуць “добрыя ўмовы, каб ісці за Хрыстом разам з іншымі пілігрымамі, маючы адзіную мэту – здабыццё святасці, неба”.

“Езус, якога вы выбралі, з'яўляецца вашым найлепшым сябрам. Яму трэба даверыць усе свае цярпенні, цяжкасці і недасканаласці чалавечай натуры, Ён вас умацуе і дадасць новых сіл”, - адзначыў іерарх, нагадаўшы, што “да Езуса мы ідзём праз Марыю”, а “Марыя тут гаворыць нам: зрабіце ўсё, што Мой Сын вам скажа”.

“Памыляюцца тыя, хто рэдка прыходзіць да Хрыста. Часцей людзі робяць спробы наракаць і вырашаць справы без Яго ўдзелу. Таму жыццё здаецца часамі такім горкім, а цяжар - вельмі вялікім. Зрабіўшы выбар жыць, маліцца, служыць Богу і бліжняму і далей упэўнена крочце з Ім па жыцці”, - заклікаў прысутных біскуп.

“Марыя, аддаем Табе чалавецтва, усе народы. Аддаем нашы сем’і, дыяцэзіі, партыкулярны Касцёл у Беларусі, аддаем Еўропу і ўсе кантыненты. Маці, прымі гэта! Маці, не пакідай нас! Маці, суправаджай нас! Маці, будзь з намі ў кожную хвіліну, падтрымлівай і ратуй нас”, - з гэтымі словамі малітвы звярнуўся пінскі ардынарый да Маці Божай.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.