Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Для ўдзельнікаў урачыстасцяў у Тракелях адбылася канферэнцыя на тэму «Марыя пад крыжам — узор хрысціянскай вернасці»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.07.2014 22:20

11 ліпеня ў межах урачыстасцяў у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях, якія сёлета праходзяць пад дэвізам “А пад крыжам Маці стаяла”, адбылася канферэнцыя для сабраных вернікаў на тэму “Марыя пад крыжам – узор хрысціянскай вернасці”. З канферэнцыяй выступіў кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Вялікіх Эйсмантах і выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Засяроджваючы ўвагу на тэме вернасці, святар адзначыў: “Штодзённа мы з’яўляемся сведкамі таго, як ламаюцца дадзеныя на ўсё жыццё абяцанні… Ствараецца ўражанне, паўсюднай адмовы, нявернасці, здрады свайму жыццёваму шляху. (…) Мы жывем у культуры непастаянства, якая таксама і нас, веруючых людзей, схіляе да пошуку нібыта чагосьці новага, ставячы пры гэтым пад сумніў нашую веру і тоеснасць. У такіх умовах менавіта вернасць з’яўляецца асаблівай каштоўнасцю, - напісаў Папа Францішак у адной са сваіх гамілій”.

Выступоўца прывёў словы Пантыфіка: “Без вернасці сваім караням грамадства не можа развівацца. Можа дасягнуць вялікага тэхнічнага прагрэсу, але не ў стане прывесці да інтэгральнага прагрэсу ўсяго чалавека і ўсіх людзей”, а таксама словы Хрыста з Евангелля: “Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага” (Лк 9, 62).

“Сённяшні крызіс вернасці – гэта перш за ўсё крызіс чалавечнасці, крызіс чалавечай асобы, якая патрабуе ідэальнага ўзору вернасці, - звярнуў увагу святар. - На нашым шляху Езус даў нам сваю Маці: “Вось Маці твая!” (Ян 19, 27). Гэта Марыя з’яўляецца для нас усіх настаўніцай і ўзорам вернасці Богу. Марыя засталася вернай Божым планам і свайму пакліканню ажно да крыжа свайго Сына”.

Па словах кс. Мікалая Ціхановіча, сучасным хрысціянам “трэба больш слухаць сведкаў Езуса, тых, хто перамог непастаянства гэтага свету праз вернасць свайму пакліканню”.

Святар звярнуўся да слухачоў, асабліва моладзі, з заклікам “сур'ёзна ставіцца да ўзаемаадносін з Богам і да сваіх жыццёвых выбараў”, паводле слоў Папы Францішка: “Скажыце «не» эфемернай, павярхоўнай культуры, культуры адкідаў, культуры, якая не лічыць вас моцнымі, якая мяркуе, што вы не здольныя адказаць на вялікія выклікі нашай эпохі. Думайце грандыёзна!”

Поўны тэкст>>>

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.