Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тракелі прывіталі вернікаў дажджом. Шматлікія пілігрымы наведалі санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.07.2014 03:04

11 ліпеня ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы сем’яў, пачаліся адпустовыя ўрачыстасці. З розных бакоў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з-за мяжы ў санктуарый прыбылі пілігрымы.

Тракелі сустрэлі пілігрымаў дажджом. Варта адзначыць, што на працягу апошніх дзён, калі вернікі крочылі ў санктуарый, было горача, свяціла сонца, і раптам на самым уваходзе надвор’е рэзка змянілася. Аднак умовы надвор’я не спынілі пілігрымаў – іх, як і штогод, было сёлета вельмі шмат.

Усяго ў санктуарый прыбыло каля 3 тысяч пешых пілігрымаў з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, яны пераадолелі нават 150 км. Найбольшай па колькасці стала пілігрымка з Гродна, якая прыйшла ў Тракелі ўжо ў 16-ы раз і налічвала больш за 300 чалавек. Вялікімі па колькасці ўдзельнікаў былі таксама пілігрымкі з Ашмянаў, Іўя, Навагрудка, Ваўкавыска, іншых мясцін.

Упершыню на ўрачыстасці прыбыла велапілігрымка навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія пераадолелі больш за 420 км. Пілігрымы прыбылі і індывідуальна: гэта, напрыклад, Раман Вайцяховіч, навучэнец гродзенскай семінарыі, які ў 5 гадзін раніцы 11 ліпеня выехаў на ровары з Гродна і каля 18 гадзін дасягнуў Тракеляў.

Вернікі з дыяцэзіі і з-за мяжы – у прыватнасці, з Літвы - прыбылі ў санктуарый таксама на аўтамабілях.

Пешых пілігрымаў прывіталі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерархі сустракаліся з усімі пешымі пілігрымкамі яшчэ перад іх уваходам у Тракелі, дзякуючы ўдзельнікам за сведчанне веры, чарговае пацверджанне любові да Бога і Касцёла, за адвагу, з якой яны рушылі ў шлях, і просячы пілігрымаў, асабліва моладзь, захоўваць сваю веру і перадаць яе наступным пакаленням. Біскупы ўдзялілі пілігрымам пастырскае благаслаўленне.

Таксама пілігрымаў наведаў даўні сябар санктуарыя ў Тракелях – біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які вельмі любіць бываць у гэтым месцы. Варта ўзгадаць, што менавіта ў Тракелях 4 ліпеня 1998 г. было абвешчана аб яго прызначэнні дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.

Дождж, які распачаўся напрыканцы шляху пілігрымаў, нікога з іх не спалохаў: усе яны дайшлі да Маці Божай Тракельскай, каб даверыць Ёй свае справы, праблемы і падзяліцца радасцямі. Вернікі ўваходзілі са спевам у санктуарый, дзе іх чакае Маці, якая заўсёды са сваімі дзецьмі, каб агарнуць сэрцам кожнага з іх.

Кс. Юрый Марціновіч, AG   

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.