Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімвалы Сусветнага дня моладзі наведалі Тракелі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.07.2014 03:46

11 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы сем’яў, пачаліся сёлетнія дыяцэзіяльныя ўрачыстасці. У санктуарый прыбылі сімвалы Сусветнага дня моладзі - крыж і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”.

Перад тым, як прыбыць у санктуарый, крыж і абраз наведалі ўсе найбольшыя па колькасці пешыя пілігрымкі, якія крочылі ў Тракелі. У санктуарый сімвалы Дзён моладзі ўнеслі маладыя вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

Дэвізам сёлетніх урачыстасцяў у Тракелях былі словы “А пад крыжам Маці стаяла”. Найсвяцейшая Панна Марыя была першай, якая стала пад крыжам і дакранулася да яго. Пад крыжам Сусветнага дня моладзі мог стаць падчас урачыстасцяў кожны жадаючы. Крыжовы шлях, які адбыўся познім вечарам 11 ліпеня, дапамагаў пілігрымам усвядоміць, што той, хто хоча быць сапраўдным вучнем Хрыста, мусіць штодзённа браць на свае плечы крыж і ісці за Панам, наследуючы Яго.

12 ліпеня, пасля завяршэння ўрачыстасцяў у санктуарыі, крыж і абраз былі перададзены на беларуска-літоўскай мяжы моладзі з Літвы. З гэтага дня сімвалы Сусветнага дня моладзі скончылі перэгрынацыю па Беларусі і пачынаюць шлях па Літве. Яны пабывалі ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.