Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршыліся ўрачыстасці ў Тракелях: «Няхай хараство паслання гэтых урачыстасцяў напаўняе наша жыццёвае пілігрымаванне» (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.07.2014 22:00

12 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях завяршыліся сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці. У іх прынялі ўдзел вернікі з усёй Беларусі і з-за мяжы, якія прыбылі, каб сустрэцца з Маці Божай – Заступніцай і Суцяшальніцай.

Усю ноч вернікі трывалі на малітве і чуванні, нягледзячы на дождж.
    
Маці, якая стаіць пад крыжам



Сёлета ўрачыстасці ў Тракелях праходзілі пад дэвізам “А пад крыжам Маці стаяла”. Гэтыя словы прадстаўляюць Марыю ў таямніцы Яе цярпення, у хвіліну, калі здзяйснялася збаўленне чалавецтва, калі на Галгоце сустрэліся грэх свету і Божая міласэрнасць. Падчас гэтых урачыстасцяў дыяцэзія дзякавала таксама за дар кананізацыі Яна Паўла ІІ, які паклікаў да існавання Касцёл на Гродзеншчыне.

Двухдзённыя ўрачыстасці, падчас якіх традыцыйна маліліся ў інтэнцыі ўсіх сем’яў дыяцэзіі і краіны, завяршыліся святой Імшой, узначаліць якую быў запрошаны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Позірк Марыі – крыніца духоўнай сілы



“Мы прыходзім да Марыі з падзякай – перадусім за дар веры, якая надае сэнс нашаму жыццю і ўчыняе, што мы ніколі не застаемся адны. Мы дзякуем за ласку святога хросту, на моцы якога ствараем супольнасць Хрыстовага Касцёла. Дзякуем Марыі за Яе матчыну апеку, за ласкі, якія Яна просіць для нас, і за тое, што кожны дзень вядзе нас да сябе”, - сказаў, вітаючы ўдзельнікаў Імшы, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх пажадаў усім сабраным, каб “кожны адчуў у гэты дзень поўны любові позірк Марыі”. “Няхай гэты позірк стане крыніцай духоўнай сілы, радасці, надзеі, няхай умацуе кожнага з нас у веры, дапаможа яшчэ больш адкрываць нашы сэрцы на словы Добрай Навіны і на збаўчае дзеянне Божай ласкі”, - дадаў біскуп.

Першай пад крыжам была Марыя



Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі, звяртаючыся да ўсіх, хто прыбыў у пешых пілігрымках, адзначыў, што ў гэты тыдзень, “крочачы ў сонечныя дні сярод дазраваючых залатых ільноў збожжа”, яны паказалі правільны кірунак жыцця жыхарам беларускіх гарадоў і вёсак.

Згадваючы пра перэгрынацыю па Беларусі крыжа Сусветнага дня моладзі, які прыбыў таксама ў Тракелі, іерарх назваў яго “сябрам Дзён моладзі”, які “вандруе па ўсіх кантынентах, перадаецца і прымаецца, каб быць для маладых людзей указальнікам дарогі”. “Да яго дакрануліся і прытуліліся мільёны людзей. Але першай, хто стаў пад крыжам і развітваўся з Сынам, была Яна – Панна Марыя. Толькі пад ім, у ценю крыжа, мы можам зразумець пакліканне Марыі, атаясаміцца з Ёю”, - сказаў біскуп.

Напрыканцы гаміліі іерарх заахвоціў удзельнікаў урачыстасцяў: “Наблізімся ж да нашай Маці Божай Тракельскай і будзем весці малітоўны дыялог праз Яе пасрэдніцтва з Хрыстом, нашым Панам. Зробім усё, каб хараство паслання гэтых урачыстасцяў напаўняла кожны дзень нашага жыццёвага пілігрымавання”.

Чарговыя ўрачыстасці ў Тракелях завяршыліся, вернікі развіталіся таксама з сімваламі Сусветнага дня моладзі – крыжом і абразом Маці Божай “Salus Populi Romani”, якія на беларуска-літоўскай мяжы былі перададзены моладзі з Літвы.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.