Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Завяршылася І роварная пілігрымка навучэнцаў гродзенскай семінарыі ў Тракелі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.07.2014 15:18

Завяршылася І роварная пілігрымка навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне да Маці Божай Тракельскай. Семінарысты разам з усімі вернікамі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях, што адбыліся 11-12 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях.

Пілігрымка вырушыла ў санктуарый са смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла 7 ліпеня. У склад пілігрымкі ўвайшлі прэфект семінарыі ў Гродне і духоўны кіраўнік пілігрымкі кс. Віталь Сідорка, семінарысты Дзяніс Бразінскі, Анджэй Ганчар, Андрэй Скамарошка, Андрэй Каўшук і Эрнэст Мікалайчык. Траса ахапіла не толькі тэрыторыю Гродзенскай дыяцэзіі, але і некалькі парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Смаргонь - Вілейка - Свір - Астравец - Суботнікі - Тракелі - такім быў маршрут пілігрымаў. Семінарысты пераадолелі каля 420 км.

Пілігрымка мела багатую духоўную праграму, у якой былі штодзённая святая Імша, малітва брэвіярыя, разважанне на Божым словам, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці.

“Засталося вельмі шмат прыемных уражанняў, нягледзячы на некаторыя цяжкасці падчас пілігрымкі, - прызнаецца яе ўдзельнік Дзяніс Бразінскі. - Мы дзякуем, перш за ўсё, нашаму Богу за гэтую магчымасць і цудоўнае надвор’е. За тое, што нам хапіла фізічных сіл, а таксама за духоўнае ўмацаванне”. Удзельнікі пілігрымкі дзякуюць таксама ўсім, хто паспрыяў яе рэалізацыі, асаблівую падзяку кіруючы ў адрас святароў тых парафій, якія прымалі іх на начлег: гэта салезіянская супольнасць у Смаргоні на чале з кс. Аляксандрам Яшэўскім SDB, святары парафій у Вілейцы, Свіры, Астраўцы, Гальшанах, Суботніках, - і ўсім, хто падтрымліваў удзельнікаў пілігрымкі малітоўна. “Абяцаем памятаць пра вас у нашых малітвах”, - дадаюць пілігрымы.

(AG)


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.