Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Гэта нашы браты і сёстры, якія адважна пайшлі на смерць»: у Навумавічах ушанавалі бл. Мар’яну Бярнацкую і іншых мучанікаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.07.2014 13:28

13 ліпеня 2014 г. адзначалася 71-я гадавіна смерці благаслаўлёнай мучаніцы Мар’яны Бярнацкай. У Навумавічах каля Гродна, дзе ў 1943 г. яна была расстраляна разам з 49 мясцовымі жыхарамі, адбыліся ўрачыстасці з удзелам вернікаў з Гродна і Сапоцкінскага дэканата.

На ўзгорку каля Навумавіч у знак Хрыстовага закліку, каб усе былі адно, стаяць праваслаўны і каталіцкі крыжы, з гэтай зямлі, на якой пралілася кроў мучанікаў, заклікаючы сучасных людзей да міру і згоды. У гэты дзень на ўзгорку сабралося шмат вернікаў: сярод іх былі дзеці, якіх прынеслі на руках маці, моладзь, асобы сталага веку, дзякуючы якім была захавана вера. На ўрачыстасці прыбыў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і святары, каб разам з вернікамі аддаць пашану мучанікам, у якіх сучасны чалавек можа вучыцца адвазе.  

Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх назваў мучанікаў “нашымі братамі і сёстрамі, якія адважна пайшлі на смерць, абраўшы Хрыста, баронячы Касцёл і веру”. “Дзякуючы ім захавалася вера, вытрываў Касцёл. Іх мучаніцкая кроў стала засевам для новых хрысціян, новых пакліканняў, новых пакаленняў, - дадаў біскуп. – З глыбокай пашанай і здзіўленнем мы глядзім на жыццё гэтых сведкаў веры, якія пакінулі прыклад любові да Бога і чалавека, і хочам вучыцца ў іх адвазе крочання за Хрыстом”.

У гаміліі кс. доктар Юрый Павайба прыгадаў шлях да мучаніцтва благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў. Па словах святара, гэтае месца, дзе цэлебруецца Імша, - месца святое, нямы сведак драматычных падзей, а навакольныя вёскі – “сведкі плачу, енку і малітвы”. Святар заахвоціў памятаць пра гэтае месца, каб пралітая кроў і мучаніцкая смерць сталі зернем, якое прынясе ў душах сучасных хрысціян багаты плён, каб перад вачыма новых пакаленняў быў прыклад дабра і прысвячэння бліжняму.

Пасля Імшы вернікі трывалі на малітве і роздуме над сутнасцю чалавечага жыцця, узіраючыся ў вялікую ахвяру, якую склалі мучанікі за веру, дзякуючы якой сёння хрысціяне нашай зямлі могуць цешыцца свабодай веравызнання, праслаўляць Бога, збірацца ў святынях, крочыць вуліцамі ў працэсіях, удзельнічаць у пілігрымках, а таксама імкнуцца адважна ісці за Хрыстом і любіць бліжняга, ажно да аддання свайго жыцця за яго.

Мар'яна Бярнацкая нарадзілася ў 1888 г. Бог, Яго закон і любоў да сям'і былі для яе каштоўнасцямі, важнейшымі за ўласнае жыццё. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі, стоячы на каленях каля ног эсэсаўца і просячы: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе». Нявестка вярнулася дамоў, а Мар'яну расстралялі 13 ліпеня 1943 г. у Навумавічах каля Гродна. Чакаючы пакарання, яна мела толькі адну просьбу — каб ёй далі ружанец.

Кс. Юрый Марціновіч, AG

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.