Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фацімскае набажэнства адбылося ў Зарачанцы: «Марыя ідзе праз пакаленні і стагоддзі, гледзячы глыбока ў сэрцы»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.07.2014 14:23

13 ліпеня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная) адбылося фацімскае набажэнства. У ім прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У апошні час у Зарачанцы па ініцыятыве мясцовага душпастыра кс. Віктара Мыслюка пашыраецца культ Маці Божай Фацімскай. Набажэнства адбываецца ў 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік. Гэтае набажэнства – адказ на два заклікі Марыі: да ружанцовай малітвы і да нясення пакуты за грэшнікаў. Набажэнства да Маці Божай Фацімскай вучыць штодзённа трываць у еднасці з Хрыстом, стоячы перад Марыяй, якая абдымае людзей сваім Беззаганным Сэрцам і натхняе жыць тым, чаго жадае ад нас Бог.

Перад Імшой вернікі ўдзельнічалі ў малітве Ружанца, звяртаючыся да Бога са сваімі просьбамі і інтэнцыямі праз заступніцтва Маці Божай Фацімскай, а таксама мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, такім чынам рэалізуючы заклікі Найсвяцейшай Панны Марыі.

Біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў Імшу, падчас якой у гаміліі адзначыў, што пад крыжам Марыя стала Маці Касцёла, Маці апосталаў. “Найсвяцейшая Панна Марыя не пакідае ніводнае сваё дзіця, клапоціцца пра ўсіх. З Фацімы паходзіць асаблівае святло, клопат і любоў. Там Яна аб’явілася дзецям, якія з прастатой і даверам прынялі гэтае пасланне і перадалі дарослым, усяму свету”, - сказаў іерарх.

Па словах біскупа, Марыя падчас сваіх аб’яўленняў казала, што прыйшла, бо прагне збаўлення чалавека і міру на ўсёй зямлі. Праз фацімскае набажэнства, як адзначыў іерарх, “верны люд набліжаецца да ласкі”. “Мы прыходзім, каб зноў быць з Марыяй”, - так вызначыў біскуп мэту гэтага набажэнства.

“Кожны чалавек павінен прыпадабняцца да Найсвяцейшай Панны Марыі ў рэалізацыі Яе паклікання, а гэта магчыма толькі пад крыжам, - дадаў іерарх. – Мы прыходзім пад крыж, дзе Марыя верна трывае. Верна здаючы экзамен свайго мацярынства, Яна не адышла ад крыжа, не адышла ад чалавецтва, ад задання, якое атрымала ад свайго Сына Езуса Хрыста, але далей ідзе праз пакаленні і стагоддзі, не зважаючы на адлегласць, на розныя кантыненты, колер скуры, але гледзячы глыбока ў сэрцы”.

Пасля Імшы адбылася працэсія са свечкамі і фігурай Маці Божай вакол святыні ў напамін аб фацімскіх аб’яўленнях Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.