Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл у Гудагаі аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.07.2014 10:35

20 ліпеня 2014 г. падчас святкавання 250-годдзя з часу свайго асвячэння парафіяльная святыня Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі была аб’яўлена дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі. У гудагайскім касцёле знаходзіцца вядомы ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, які быў каранаваны папскімі каронамі 15 ліпеня 2007 г.

Падчас галоўнай Імшы ў межах святкавання дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі агучыў дэкрэт біскупа Аляксандра Кашкевіча аб тым, што гудагайскі касцёл аб’яўляецца санктуарыем. У дэкрэце адзначаецца, што «па прычынах асаблівай на гэтым месцы пабожнасці вернікаў, а таксама з мэтай большага ўшанавання пакланення Маці Божай у таямніцы Святога Шкаплера» гэтае месца будзе прысвечана «асаблівай пашане Маці Божай у таямніцы святога шкаплера, як бачнай прылады для ўмацавання веры ў Божую дапамогу і матчынае заступніцтва Марыі».

Па просьбе біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 18 мая 2006 г. выдала адпаведны дакумент, які дазволіў упрыгожыць славуты лакамі абраз Маці Божай Гудагайскай каронамі ад імя Святога Айца. Праз акт каранацыі гудагайскі касцёл далучыўся да святыняў Беларусі, у якіх Найсвяцейшая Панна Марыя ўшанавана ў каранаваных абразах.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.