19 ліпеня ў Гудагаі пачаліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Сёлета адпустовыя ўрачыстасці былі выключнымі, таму што парафіяльная святыня, у якой захоўваецца вядомы ласкамі абраз Маці Божай, адзначае 250 гадоў з часу асвячэння.
Браты Закону Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (кармэліты босыя), якія з вялікім запалам нясуць служэнне ў Гудагаі, запрасілі да ўдзелу ў юбілейных урачыстасцях шмат гасцей, якія прыбылі з розных куткоў Беларусі.
Вечарам першага дня святкавання вернікі ўдзельнічалі ў Крыжовым шляху на Кальварыі, які правяла моладзь разам з сёстрамі кармэлітанкамі. Нешпары ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. На заканчэнне іх адбылася працэсія са свечкамі ў гонар Маці Божай вакол касцёла і могілак.
Урачыстую святую Імшу апоўначы ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што падчас кожнага святкавання вернікі ўзгадваюць сваіх продкаў, якія перадалі ім скарб веры. Па словах біскупа, «калі вера трывае ў сэрцы, яна перадаецца ў сем’ях і захоўваецца ў новых пакаленнях». Біскуп заклікаў усіх прысутных цаніць сваіх продкаў, бо «менавіта дзякуючы ім мы сёння маем веру і зможам перадаць яе іншым».
Узгадваючы пра абраз Маці Божай Гудагайскай, іерарх адзначыў, што Панна Марыя абараніла гэты касцёл ад знішчэння, таму ён ніколі не быў зачынены, нават у тыя цяжкія часы, калі святыня не мела свайго святара. «Людзі аддаліся ў апеку Марыі, захавалі касцёл, захавалі веру», — дадаў біскуп і назваў гэта адным з цудаў, які здзейсніла Маці Божая.
Іерарх заахвоціў вернікаў да жыцця ў Божай ласцы, бо, як зазначыў, кожнае аб’яўленне Маці Божай з’яўляецца заклікам да навяртання, і трэба прымаць усе дары, якія дае Пан Бог.
Пасля Імшы пачалося начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якія працягнуліся да раніцы.
Кс. Юрый Марціновіч
|