20 ліпеня 2014 г. у межах святкавання 250-годдзя з часу асвячэння парафіяльнай святынi Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі i ўрачыстасцяў Маці Божай Шкаплернай ранішнюю Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
У Імшы ўдзельнічалі браты Закону Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, якія ўжо шмат гадоў апякуюцца гудагайскім касцёлам, а таксама вернікі Астравеччыны, якія кожны год прыбываюць ушанаваць цудатворны абраз Маці Божай Шкаплернай і прасіць Божых ласкаў для сваіх сем’яў.
Біскуп адзначыў у гаміліі, што ў Гудагаі ўжо даўно «свеціць святло Марыі». «Сёння мы прыходзім да гэтага святога месца, дзе Яна кажа нам, як мы павінны жыць. Яна звяртаецца да нас словамі, якія прамовіла ў Кане Галілейскай: “Зрабіце тое, што Мой Сын вам скажа”», - дадаў іерарх.
Біскуп сказаў, што, молячыся ў гудагайскай святыні, заўважыў, з якой верай людзі дакраналіся да цудатворнага абраза, верачы, што праз гэты дотык атрымаюць патрэбныя ласкі. «Трэба, каб наша вера была моцнай, каб мы верылі ў тое, што кажа нам Бог, і спаўнялі гэта ў нашым штодзённым жыцці», — адзначыў іерарх.
Біскуп заклікаў, каб людзі не знішчалі сваёй будучыні, каб не знішчалі моладзь — «будучыню нашага Касцёла і народа» - наркотыкамі і алкаголем. «Грошы, здабытыя слязьмі маці, дзяцей, жонак, здабытыя знішчэннем здароўя іншых, ніколі не прыносяць карысці, ніколі не дадуць чалавеку сапраўднага шчасця», - падкрэсліў іерарх.
У гаміліі біскупа гаварылася таксама пра тое, што робіць усіх сям’ёй. Па словах іерарха, «не толькі праз кроўныя сувязі чалавек становіцца родным»: «братамі і сёстрамі мы становімся праз веру, якую вызнаём, і праз супольны шлях, якім крочым».
Кс. Юрый Марціновіч, AG
|